Хто такі лідар?
Лідары бываюць розных тыпаў. Ёсць палітычныя лідары, эканамічныя, сацыяльныя, фінансавыя, ёсць лідары крымінальных груповак. Таксама ёсць лідары відавочныя і не відавочныя. Пры чым не відавочны лідар звычайна значна мацнейшы, чым афіцыйны.
Як кандыдат навук стаў палітвязнем? Дзякуючы выхаванню. Я з дзяцінства быў акружаны свабодалюбівымі людзьмі, якія знаходзіліся ў канфлікце з уладамі. Шлях людзей у вызваленні, гэта значыць, у барацьбе з палітычным рэжымам.
Як застацца вольным чалавекам, знаходзячыся ў турме?
Ёсць кароткая і дакладная формула «Не вер, не бойся, не прасі». Калі яе прытрымлівацца, вас ніколі не перамогуць. Такіх людзей пачынаюць паважаць – у адрозненне ад тых, хто гандлюе сваёй свабодай. Турма не настолькі страшнае паняцце, як усё абвыклі думаць. Асноўная задача спецслужбаў і работнікаў турмы – пазбавіць чалавека фізічнага і псіхалагічнага здароўя. Важна выконваць комплекс практыкаванняў, каб не згубіць свае фізічныя магчымасці ў турме.
Як змагацца з холадам у турме?
Рэцэпт просты: фізічныя практыкаванні; веданне таго, што наверсе заўсёды цяплей, чым унізе (цёплае паветра ўверх паднімаецца); выкарыстанне лямпаў асвятлення, якія награваюцца.
Як супрацьстаяць супрацоўнікам адміністрацыі?
Трэба ведаць законы і адстойваць свае правы. Капіруйце свае дакументы, патрабуйце аддаваць лісты, якія вам прыходзяць, пішыце пісьменныя заявы, калі нешта не так.
Ці трэба крыўдзіцца на тых, хто не за кратамі?
У мяне ніколі не было крыўд на тых, хто застаўся на волі. Я разумею, што людзі на свабодзе больш рызыкуюць, чым ён у зняволенні. Бо ў турме ён карыстаўся законам для сваёй барацьбы, а вось на волі законы не заўсёды працуюць.
Ці працуе галадоўка ў турме?
Індывідуальная галадоўка ніколі не бывае эфэктыўная настолькі, наколькі групавая. Зняволеных, якія аб'явілі галадоўку, могуць шантажаваць і запалохваць, каб яны ад яе адмовіліся. Любая шкода, якую вязень прыносіць сам сабе ідзе на руку адміністрацыі.
Чаму лісты - гэта важна?
Лісты - гэта адзінае, што падтрымлівае палітвязняў. Я толькі гэтым і жыў у месцах зняволення. Пішыце лісты палітычным вязням. Не трэба пісаць пра палітыку — гэта нагода не прапусціць ваш ліст. Расказвайце пра надвор'е - гэтага дастаткова, каб палітвязень зразумеў, што ён не адзін. Трэба змагацца з тым, хто парушае законы, а не дапамагаць тым, хто з'яўляецца ахвярай парушэння законаў. Перамогшы аднаго парушальніка закону, мы ратуем тысячы сумленных людзей ад незаконных рэпрэсій.
Ці ёсць у Вас рэкамендацыі для актыўных грамадзян Беларусі?
Вызначыцеся, вы будзеце карміць сваімі падаткамі існуючую ўладу альбо далучыцеся да незалежных арганізацый і суполак, якія забяспечаць вас як сацыяльнай дапамогай, так і псіхалагічнай, эканамічнай і палітычнай. Думайце больш, падключайце мазгі, вывучайце законы і вырашайце, як вам лепш жыць: у рамках дзяржавы або ў рамках супольнасці.