Ціск на Ігара Банцэра з боку адміністрацыі «хіміі» пачаўся яшчэ летам, пасля таго як музыка адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні. Агулам са жніўня за ўвесь час віцебскай «хіміі» актывіст прасядзеў у ШІЗА ужо 60 содняў.
Ігара Банцэра затрымалі 20 кастрычніка 2020 года і абвінавацілі ў хуліганстве за танец у стрынгах перад міліцэйскай машынай. Музыка правёў у СІЗА гарадзенскай турмы 5 месяцаў: яго кідалі ў адзіночную камеру, адпраўлялі на прымусовую псіхіятрычную экспертызу ў Навінкі, змяшчалі ў карцар. Падчас суда, каб абараніць свае правы, Банцэр абвесціў сухое галадаванне, якое трымаў без вады і ежы 16 дзён, да вынясення выраку.
19 сакавіка 2021 года музыку асудзілі на 1,5 года «хіміі» і выпусцілі ў залі суда. Пасля пераліку тэрміну (1 дзень у СІЗА раўняецца 2 дням «хіміі»), Банцэру заставалася сядзець 8 месяцаў.
Ён пачаў адбываць пакаранне 17 чэрвеня ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 9 у Віцебску. На «хіміі» на яго пачаўся ціск: 5 жніўня Ігар Банцэр атрымаў 10 дзён штрафнога ізалятару нібыта за парушэнне правілаў установы. Потым яму тройчы без перапынку працягвалі тэрмін пакарання ШІЗА да 40 дзён.
29 верасня суддзя Дзяніс Аляксеенка пастанавіў накіраваць Банцэра ў калонію агульнага рэжыму. Музыку абвінавацілі ў шасцікротным парушэнні рэжыму. За гэта яму прысудзілі адзін месяц і 25 дзён калоніі. Аднак у калоніі музыка прабыў нядоўга: 29 кастрычніка стала вядома, што палітвязня вярнулі на «хімію». Прычына – абскарджанне адвакаткай Банцэра рашэння суда аб замене пакарання на больш жорсткае. Практычна адразу па вяртанні на «хімію» Банцэра пасадзілі ў ШІЗА, дзе ён без перапынку правёў 20 содняў.
Ігару Банцэру 41 год. Гарадзенец, вядомы як панк-музыка, гарадскі актывіст, удзельнік анархісцкага і антыфашысцкага рухаў. Некалі быў прэс-сакратаром Саюзу палякаў Беларусі.