Музыку Ігара Банцэра ў сакавіку 2021 года асудзілі на 1,5 года «хіміі» за акцыю пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў – танец у стрынгах перад міліцыянтамі.
29 верасня віцебскі суддзя Дзяніс Аляксеенка пастанавіў накіраваць палітвязня на 55 дзён ў калонію за нібыта шасціразовае парушэнне рэжыму папраўчай установы. Парушэнні былі такія: «заснуў на крэсле», «не пагаліўся», «не выканаў каманду «адбой». Адміністрацыя палічыла, што гэтага дастаткова, каб замяніць Банцэру абмежаванне волі на пазбаўленне волі ў калоніі.
Але «парушэнні парадку», якія нібыта ўчыніў Банцэр, былі зафіксаваныя яшчэ да ўвядзення новага заканадаўства. Таму Банцэра не павінны былі судзіць па артыкуле «замена пакарання на больш жорсткае». Аднак чамусьці судзілі. Пракурор быў вымушаны апратэставаць рашэнне суду.
29 кастрычніка палітвязня зноў даставілі ў ПУАТ № 9 у Віцебску.
Віталь Кажух