Аўторак, 12 Кастрычнік 2021

Палітвязень Яўген Харашкевіч змешчаны ў санчастку віцебскага СІЗА-2

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Яўген Харашкевіч. Фота: сацсеткі Яўген Харашкевіч. Фота: сацсеткі

Палітвязень Яўген Харашкевіч з Наваполацку, якому Віцебскі абласны суд прысудзіў 4 гады калоніі, прызнаўшы вінаватым па трох крымінальных артыкулах, знаходзіцца зараз у санчастцы СІЗА-2 у Віцебску. Пра гэта паведаміў бацька палітвязня. Пасля суду ён быў на спатканні з сынам, але брата Яўгена праз нейкі час на спатканне з ім ўжо не пусцілі: паведамілі, што ён «прыхварэў», але нібыта неўзабаве мае ўжо выпісацца.

«Я хадзіў на спатканне, маці хадзіла, жонка Ніна хадзіла. Брат ездзіў на спатканне ў гэтыя выходныя, але яго не пусцілі, сказалі, што ён цяпер у санчастцы, што прыхварэў. Але нібыта хутка павінны выпісаць», – расказаў бацька Яўгена Харашкевіча.

У віцебскім СІЗА-2 Яўген будзе знаходзіцца, пакуль не будзе разгледжаная ягоная скарга ў Вярхоўным судзе. Калі адбудзецца працэс – пакуль невядома. Бацька асуджанага мае надзею, што ў Вярхоўным судзе тэрмін могуць знізіць. «Трэба выкарыстоўваць усе магчымасці», – кажа ён.

Спадар Аляксандр сцвярджае, што ніякіх істотных доказаў віны ягонага сына ў судзе першай інстанцыі не было пададзена, усе абвінавачанні грунтаваліся на здагадках. Прыкладам, абвінавачанне падало ў суд фотаздымкі 2018 году, на якіх Яўген знаходзіцца ў складзе каманды па страйкболу.

«Яму выставілі 342-і артыкул толькі на падставе таго, што ў сына былі страйкбольныя гранаты. Але фотаздымкі толькі за 2018 год, дык суддзя расцаніла гэта так: калі ён з 2018 году не займаўся гэтым – значыцца, рыхтаваў масавыя беспарадкі. А доказаў ніякіх», – кажа Аляксандр Харашкевіч.

Нагадаем, Віцебскі абласны суд 16 верасня прызнаў 26-гадовага Яўгена Харашкевіча вінаватым адразу па трох артыкулах крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варожасці»), арт. 369 («Публічная абраза прадстаўніка ўлады») і ч.1 арт. 342 («Падрыхтоўка і арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Рашэнне прымаў суддзя Андрэй Прэйс.

Харашкевіч быў затрыманы 19 студзеня 2021 году ў Наваполацку за каментары ў інтэрнэце. Падчас ператрусу была канфіскаваная аргтэхніка. Пакуль ішло следства, у Яўгена нарадзілася дачка Мілана, фота якой змог пабачыць толькі падчас абвяшчэння выраку на судзе.

Сваёй віны Яўген Харашкевіч не прызнаў.

Уладзімір Бяляўскі