Чацвер, 16 Верасень 2021

Навапалачаніна Яўгена Харашкевіча асудзілі на 4 гады калоніі. Суд над ім быў закрытым

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Яўген Харашкевіч з жонкай Нінай. Крыніца: nn.by Яўген Харашкевіч з жонкай Нінай. Крыніца: nn.by

Віцебскі абласны суд 16 верасня вынес рашэнне ў крымінальнай справе 27-гадовага жыхара Наваполацку Яўгена Харашкевіча. Мужчыну абвінавачвалі адразу па трох артыкулах крымінальнага кодэксу, у тым ліку ў падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Рашэнне агучыў суддзя Андрэй Прэйс. Бок абвінавачання прадстаўляў пракурор Аляксандр Філімонаў. Суд над Харашкевічам праходзіў у закрытым рэжыме.

Суддзя Андрэй Прэйс пастанавіў «прызнаць Яўгена Харашкевіча вінаватым у наўмысных дзеяннях, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці па прыкметах сацыяльнай прыналежнасці і на падставе ч. 1 арт. 130 КК прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 3 гады і 6 месяцаў». Апроч таго: «прызнаць вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў і на падставе арт. 369 КК прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін 3 гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Таксама Харашкевіча прызналі вінаватым у падрыхтоўцы і арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК) – 2 гады пазбаўлення волі.

Па сукупнасці пакаранняў Яўгена Харашкевіча асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.

Згодна з прысудам, ён мусіць выплаціць супрацоўнікам МУС, якія былі прызнаныя пацярпелымі, кампенсацыю маральнай шкоды: старэйшаму оперупаўнаважанаму групы па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій Наваполацкага ГАУС Дзянісу Свяцкаму – 1500 рублёў і выкладчыцы кафедры прафесійна-прыкладной фізкультуры акадэміі МУС Наталлі Петуховай – 1000 рублёў.

Яўген Харашкевіч быў затрыманы 19 студзеня 2021 году ў Наваполацку, з таго часу ён знаходзіцца СІЗА.

Пакуль сядзеў у СІЗА - нарадзілася дачка Мілана

Як расказаў бацька абвінавачанага Аляксандр, праблемы пачаліся пасля таго, як сын пайшоў назіральнікам на выбарчы ўчастак па месцы прапіскі ў вёсцы Фарынава. Напісаў скаргу ў пракуратуру з нагоды грубага парушэння Выбарчага кодэксу, у якой інфармаваў пра не апячатаную урну для галасавання. Пасля гэтага, 12 жніўня, да Яўгена на працу прыехалі супрацоўнікі міліцыі і затрымалі яго. Але неўзабаве адпусцілі. 19 студзеня 2021 ён зноў быў затрыманы, але ўжо ў межах крымінальнай справы.

За гэты час бацька бачыў сына толькі аднойчы. Чаму суд зрабілі закрытым, ён так і не зразумеў. Па словах сваякоў, таму што «ім няма чаго рэальна прад'явіць». Усе абвінавачанні будаваліся вакол некалькіх каментароў у чатах, якія Яўген нібыта напісаў у дачыненні да некалькіх міліцыянтаў.

На абвяшчэнне прысуду бацькі Яўгена прынеслі ў залу раздрукаваныя каляровыя фотаздымкі яго трохмесячнай дачкі Міланы. Пакуль ён быў за кратамі, у яго нарадзілася дзіця, якога ён яшчэ не бачыў...

Прысуд не набыў законнай моцы і будзе абскарджаны ў Вярхоўным судзе.

Уладзімір Бяляўскі