Вядома, што паседжанне пачнецца а 10-й гадзіне зранку. Справу будзе разглядаць суддзя Дзяніс Аляксеенка.
Апошнія 19 дзён Ігар Банцэр трымаў галадоўку, піў толькі ваду. Адчувае сябе кепска. Ён мяркуе, што выйсці з галадоўкі сам не здолее, будзе дамагацца магчымасці легчы ў шпіталь.
Так ужо было сёлета ў сакавіку, калі музыка галадаў 16 сутак, без ежы і вады падчас суду. Пасля гэтага ягонае здароўе пагоршылася, пачаліся праблемы са страўнікам. Калі ён выйшаў з турмы, у яго выявілі гепатыт С.
Апошнія тры тыдні ў штрафным ізалятары Ігар Банцэр не мыўся, каб не захварэць.
Таксама стала вядома, за што яго каралі чатыры разы запар. Першыя 10 сутак палітвязень атрымаў, бо спазніўся на некалькі хвілін на адбой. Столькі ж у другі раз – «быў няголены». Трэці – нібыта адмовіўся прыбіраць туалеты. Чацвёрты – быццам бы сварыўся з супрацоўнікамі «хіміі».
Віталь Кажух