Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, Сяргей Купрэшын адправіў тры электронныя лісты ў дзяржаўныя органы: 2 красавіка – у Пастаўскі раённы выканаўчы камітэт і пракуратуру Віцебскай вобласці, 11 красавіка яшчэ адзін email даслаў на адрас Пастаўскага райвыканкаму. Частка тэксту гэтых лістоў нібыта змяшчае «ненарматыўную форму маўленчага выказвання». На думку следства, Сяргей такім чынам «выказаў негатыўную ацэнку асобаў дзейных пракурорскага работніка і дзяржаўнага службоўцы выканкаму ў сувязі з ажыццяўленнем тымі службовых абавязкаў, у выніку чаго наўмысна зняважыў іх аўтарытэт, гонар і годнасць, публічна абразіў апошніх як прадстаўнікоў улады».
За гэтыя лісты суд прысудзіў мужчыне два з паловай гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія»). За знойдзены пасля анулявання дазволу на захоўванне дымавы порах суд пакараў Купрэшына трыма гадамі калоніі. У сукупнасці пакаранняў канчатковы вердыкт, які Пастаўскі суд вынес 1 верасня, – тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама Купрэшын павінен аплаціць штраф у памеры 100 базавых велічынь. Рашэнне аб пакаранні прымала суддзя Наталля Максімовіч.
Апроч таго, у даход дзяржавы ў яго канфіскавалі ноўтбук і спагналі 1000 рублёў на карысць супрацоўніка пракуратуры.
Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці заявілі, што крымінальны пераслед Сяргея Купрэшына з'яўляецца палітычна матываваным, і патрабуюць ад беларускіх уладаў неадкладнага яго вызвалення. Адзначаецца, што пакаранне паводле арт. 295 КК прызначанае значна стражэйшае за тое, што звычайна ўжывацца у падобных выпадках.
Уладзімір Бяляўскі