Нагадаем, раніцай 14 ліпеня 2021 году ў доме Мікалая Шараха ў Полацку міліцыянты правялі ператрус. Як аказалася, ён праводзіўся ў межах распачатай 29 сакавіка 2021 году крымінальнай справы паводле арт. 341 КК РБ («Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці»). Мікалая Шараха падазравалі ў тым, што 17 кастрычніка 2020 году ён нібыта напісаў чырвонай фарбай пратэставыя лозунгі на прыпынку грамадскага транспарту і тым самым нанёс шкоду ў памеры 24,36 бел. рублёў. На гэтай падставе і кіруючыся арт. 208, арт. 210 КПК, пракурор запатрабаваў учыніць у актывіста ператрус.
Следчых, якія праводзілі вобшук, Мікалай Шарах паінфармаваў, што з'яўляецца старшынём Свабоднага прафсаюзу Беларускага.
Пасля ператрусу ў доме і офісе ўстановы “Цэнтр інфармацыйна-прававой падтрымкі сацыяльна неабароненых груп насельніцтва" Адвакацыя”, кіраўніком якога з'яўляўся Мікалай, ён быў дастаўлены ў Полацкі РАУС для допыту. Пасля яго затрымалі на 72 гадзіны ў межах расследавання крымінальнай справы. Мікалай Шарах быў прызнаны праваабаронцамі палітзняволеным, але зараз прафсаюзны лідар знаходзіцца на волі.
Лявон Яфрэменка