Пятніца, 17 Ліпень 2015

У Наваполацку забаранілі пікет у падтрымку палітвязьняў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Наваполацку мясцовыя ўлады забаранілі правядзеньне 16 ліпеня на Плошчы Будаўнікоў пікетаваньня з мэтай інфармаваньня грамадзян аб наяўнасьці ў Беларусі палітвязьняў. Пра гэта гаворыцца ў адказе за подпісам намесьніка старшыні Наваполацкага гарвыканкаму Альберта Шакеля актывісту аргкамітэту БХД Андрэю Гайдукову.

Афіцыйная прычына адмовы – “копіі дакумэнтаў аб аплаце паслуг па забесьпячэньні аховы парадку, мэдычнага абслугоўваньня і прыборкі тэрыторыі пасьля правядзеньня масавага мерапрыемства” не былі перададзеныя ў гарвыканкам разам з заявай на правядзеньне акцыі.

Разам з тым, адзначае Андрэй Гайдукоў, пры падачы заявы ніякіх гэткіх патрабаваньняў яму не прад’яўлялі: “Заяву рэгістраваў асабіста ў выканкаме. Калі б яны хацелі, яны б сказалі мне, што адразу патрэбна нейкая аплата, далі б нумары рахункаў, сумы і іншае. Гэтага не было - мне сказалі: чакайце адказ. А ў адказе - Вы не аплацілі пры рэгістрацыі”, - падкрэсьліў ён.

bchd.info