Чацвер, 21 Май 2020

Удзельніка стрыму Ціханоўскага ў Віцебску прысудзілі да 4-х сутак арышту

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску пакараў 21 траўня віцябляніна Аляксандра Мацеюка 4-ма суткамі адміністрацыйнага арышту за ўдзел у сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім. Мужчыну прызналі вінаватым у парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП). Справу разглядала судзьдзя Алена Грабянчук.

Аляксандар Мацяюк быў затрыманы міліцыяй ранкам 21 траўня на выхадзе з пад’езду дома, у якім жыве. Паводле нашай інфармацыі, днём раней яму спрабавалі ўручыць позву ў Чыгуначны РАУС, але ён адмовіўся яе браць. У міліцыю ён не паехаў, але зьбіраўся наведаць дачу.

Пасьля затрыманьня яго адразу адвезьлі ў ізалятар часовага затрыманьня (ІЧУ).

Судовае паседжаньне прайшло ў анлайн-рэжыме (праз скайп). Мацеюка абвінавацілі ва ўдзеле ў стрыме Ціханоўскага, які прайшоў у Віцебску 30 красавіка. Праваахоўнікі расцанілі тую сустрэчу як несанкцыянаванае пікетаваньне. Знаходзячыся ў ІЧУ, Аляксандар Мацяюк хадайнічаў, каб яму далі час на заключэньне дамовы з адвакатам, які знаходзіцца ў Менску. Хадайніцтва задаволілі, але далі на гэта толькі гадзіну перапынку ў судовым паседжаньні.

Па словах віцебскага актывіста Паўла Шаўчэнкі, які трапіў на суд у якасьці слухача, пасьля перапынку Мацяюк зноў хадайнічаў аб адвакаце, на што судзьдзя Алена Грабянчук заявіла: «Ужо позна, паседжаньне пачалося!». Паводле назіраньняў Шаўчэнкі, гэтыя словы судзьдзі не былі занесеныя ў пратакол.

Судзьдзя Грабянчук прызнала Аляксандра Мацеюка вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні (арт. 23.34) і пакарала адміністрацыйным арыштам на 4-ра сутак.

Аляксандар Мацяюк будзе знаходзіцца за кратамі да 25 траўня.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.