На сайце Аршанскага райвыканкаму праводзіцца анлайн-апытаньне наконт мовы, на якой маюць агучвацца назвы прыпынкаў у грамадзкім транспарце Воршы. Прапануецца тры варыянты: “на расейскай”, “на беларускай” і “на абедзьвюх мовах”. На 8 кастрычніка 75% апытаных аддалі перавагу беларускай мове, 22% – расейскай.

Памятную шыльду ў гонар знакамітых выпускнікоў – Рыгора Барадуліна, Еўдакіі Лось і Генадзя Гарбука – адкрылі ў Вушацкай сярэдняй школе. Дошку ўсталявалі напярэдадні афіцыйнага сьвяткаваньня 95-годзьдзя Вушацкага раёну, якое адбылося ў райцэнтры на мінулых выходных.

У нядзелю 8 верасьня ў Віцебску адбылася сустрэча з палітыкам Паўлам Севярынцам. Лідэр Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі акрэсьліў палітычную сытуацыю ў краіне, расказаў пра стасункі ўнутры дэмакратычнага руху ды прэзэнтаваў свае творчыя набыткі.

Дакумэнтальна-мастацкую выставу “Праўда пра Курапаты” прэзэнтавалі ў Віцебску 6 верасьня вядомы гісторык і журналіст Марат Гаравы і мастак Генадзь Драздоў. Дакумэнты і фотаздымкі, паказаныя на выставе, зьбіраліся цягам 20 гадоў. Імпрэза адбылася ў віцебскім арт-цэнтры VZAP.

Міністэрства культуры накіравала лісты ў Браслаўскі райвыканкам і Віцебскі аблвыканкам з патрабаваньнем прыняць меры па факце незаконнага ўсталяваньня ў Відзах Браслаўскага раёну памятнага каменя з гербом Расейскай імпэрыі. Пра гэта паведамляецца ў адказе міністэрства на пэтыцыю з просьбай дэмантаваць памятны знак з гербом іншай дзяржавы.