Чацвер, 05 Сакавік 2020

Віцебскае ТБМ прапануе ўвесьці анкетаваньне бацькоў наконт мовы навучаньня ў школах

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)

Прапанова ўвесьці абавязковае анкетаваньне бацькоў будучых першаклясьнікаў для вызначэньня мовы навучаньня іх дзяцей прагучала 5 сакавіка на сходзе Віцебскай гарадзкой арганізацыі «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (ТБМ). З гэтай прапановай сябры арганізацыі зьвернуцца ў гарадзкі аддзел адукацыі.

Неабходнасьць анкетаваць бацькоў наконт выбару мовы навучаньня (беларускай альбо расейскай) патлумачыў аўтар прапановы Андрусь Кешанюк. На ягоны погляд, зараз у віцебскіх школах існуе ганебная практыка аўтаматычнага залічэньня першаклясьнікаў у клясы з расейскай мовы навучаньня. Ніякай альтэрнатывы бацькі вучняў ня маюць, але выбар мусіць быць.

У Віцебску на сёньня няма аніводнага клясу зь беларускай мовай навучаньня.

Абралі дэлегатаў на абласную канфэрэнцыю

Таксама 5 сакавіка Віцебская гарадзкая арганізацыя «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» абрала дэлегатаў на абласную канфэрэнцыю грамадзкага аб’яднаньня. Сябры арганізацыі вызначыліся з удзелам у сёлетніх імпрэзах, прымеркаваных да сьвяточных і юбілейных датаў.

У выніку адкрытага галасаваньня дэлегатамі абласной канфэрэнцыі Таварыства беларускай мовы сталі выкладчык ВДУ імя Машэрава Сяргей Міхайлаў ды паэтка і кіраўнічка літаратурна-драматургічнай часткі Беларускага тэатру «Лялька» Людміла Сіманёнак. У абласной канфэрэнцыі возьме таксама ўдзел старшыня гарадзкой арганізацыі ТБМ Алена Шабуня.

Як вырашылі адзначыць сьвяты

90-годьдзе зь дня народзінаў Уладзімера Караткевіча вырашылі адсьвяткаваць сумесна з тэатрам «Лялька». Пасьля прагляду спэктаклю па творах пісьменьніка адбудзецца віктарына – з уручэньнем прызоў пераможцам.

Да Дня Волі прымеркавалі экскурсію «Віцебск часоў БНР» з удзелам прафэсійнага экскурсавода.

Дзень народзінаў Васіля Быкава спалучылі са сьвяткаваньнем 75-годзьдзя Перамогі ў Віцебску.

«Сёньня мы вызначылі важныя для беларусаў у гэтым годзе даты і сьвяты, адзначаючы якія можна спрыяць узрастаньню любові да роднай мовы. Важна ня проста сабрацца ў коле прыхільнікаў беларушчыны – значна важней далучыць да гэтага кола новых людзей, якія мо пакуль і не размаўляюць па-беларуску, але адчуваюць прыхільнасьць ці маюць жаданьне карыстацца матчынай мовай у звычайным жыцьці», – сказала пасьля сходу кіраўніца гарадзкой арганізацыі ТБМ Алена Шабуня.

Раней «Віцебская Вясна» пісала пра тое, што сёлета на Дзень роднай мовы агульнанацыянальную дыктоўку напісалі чыноўнікі Віцебскага аблвыканкаму Пётар Падгурскі і Генадзь Ягораў.  

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.