«Аказваеца, у Віцебскай вобласьці за гэтае будаўніцтва адказвае галоўнае ўпраўленьне па адукацыі! Пэўна, яны і далі дазвол на забіваньне паляў у старажытны культурны слой пад Сафіяй!» – адрэагаваў на паведамленьне зь Віцебскага аблвыканкаму адзін з аўтараў пэтыцыі гісторык Сяргей Тарасаў.
Электронная пэтыцыя з патрабаваньнем спыніць маштабнае будаўніцтва на Верхнім замку каля Сафійскага сабору ў Полацку сабрала за некалькі тыдняў 1250 подпісаў.
У апараце Савету Міністраў РБ разглядаць зварот таксама ня будуць – адтуль яго «перакінулі» ў Міністэрства культуры.
Сяргей Тарасаў разьлічвае, што канчатковы адказ на пэтыцыю прыдзе ад дзяржаўных органаў 5-га ці 6-га сакавіка. Але якім бы ні быў адказ, 1 сакавіка гісторык запрашае ўсіх неабыякавых людзей на грамадзкую лекцыю пра Ўсяслава Чарадзея – будаўніка Сафійскага сабору XI-га стагодзьдзя.
Лекцыя адбудзецца ля сьценаў полацкай Сафійкі, «побач зь якой, зьнішчаючы архэалягічныя каштоўнасьці, не ягоныя, не нашыя нашчадкі, а нейкія «воблачныя» расейскія «міры» будуюць свае «кадэцкія» вучэльні».
Зьміцер Міраш