За часамі застою гістарычныя раманы і аповесьці пісьменьніка сталі для зьнявечанай беларускай душы глытком нечаканай надзеі. З вышыні сёньняшняга часу можна сьмела казаць пра тое, што Ўладзімер Сямёнавіч стаў духоўным каталізатарам беларускага нацыянальнага адраджэньня канца мінулага стагодзьдзя.
Па ўскладаньні кветак першым пра значнасьць літаратурнай дзейнасьці Караткевіча выказаўся Хрыстафор Жаляпаў. Грамадзкі актывіст адзначыў, што празаічныя і вершаваныя творы пісьменьніка паўплывалі на фармаваньне нацыянальнай самасьвядомасьці некалькіх пакаленьняў беларусаў. Пры канцы сваёй прамовы ён прачытаў верш клясыка «Надпіс на камені над крыніцай».
Тацяна Севярынец прыгадала, што за Саветамі ніхто ня верыў, калі Ўладзімер Караткевіч прадказваў Беларусі незалежнасьць:
– У сямідзясятыя-васьмідзясятыя гады мінулага стагодзьдзя менавіта зь яго пачалося ўсьведамленьне нацыянальнай тоеснасьці; таго, што гэтая зямля наша, што ў нас вялікая гісторыя, а мы – носьбіты нацыянальнай гістарычнай памяці.
Узгадваю, калі ўпершыню з захапленьнем прачытала ягоны раман «Каласы пад сярпом тваім» у перакладзе на расейскую мову. Тады я не карысталася беларускай, і Караткевіч адкрыў мне маю Радзіму. За гэта я яму вельмі ўдзячная.
У біяграфіі пісьменьніка ёсьць шчасьлівы выпадак, які, магчыма, уратаваў нам нацыянальнага генія. Ён адначасна пераконвае нас у крохкасьці жыцьця, боскім провідзе, наканаванасьці лёсу, які бараніў генія для вялікай справы адраджэньня. Кандуктарка не дазволіла будучаму літаратару праехаць у трамваі «зайцам» і вывела яго вонкі. Тады ён перажываў, а той трамвай сышоў з рэек і трапіў у аварыю. Было шмат ахвяраў.
Бог пайшоў. Жыцьцё ідзе пад кручу.
Але йдзі і не губляй спакой.
Ёсьць замест прыватнай неўміручасьці –
Бесьсьмяротнасьць нацыі тваёй.
Ты памрэш. Але ў бязьмежным сьвеце
Будуць працьвітаць твой Люд і Край...
Вер, што ў гэтым, вер, што толькі ў гэтым
Шчасьце пасьмяротнае і рай, –
скончыла свой пранікнёны маналёг Тацяна Севярынец.
Найстарэйшы віцебскі актывіст Барыс Хамайда падкрэсьліў, што асабіста для яго Ўладзімер Караткевіч быў і застаецца кандыдатам нумар адзін на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.
Барыс Ханонавіч выказаў шкадаваньне, што вуліца, на якой стаіць помнік Караткевічу, дасюль ня носіць ягонае імя:
– Наданьне вуліцы імя нацыянальнага генія сталася б сапраўднай перамогай беларусаў над чужацкімі героямі, якіх нам навязалі. І тады ўсё стала б на свае месцы.
– І тады імем Караткевіча, як сьвятым духам, павыціскала б з гораду ўсіх прыхільнікаў «рускага сьвету». Ня стала б і гэтай кавярні і гэтай вуліцы, якія назвалі ганебным імем ката беларускага народу (Маецца на ўвазе вуліца Суворава і кафэ «Граф Суворов». – Рэд.), – падхапіў ідэю нехта з натоўпу.
А ў тым, што так раней ці пазьней будзе, ніхто з тых, хто прыйшоў да помніка, не сумняваецца.
https://viciebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/2999-belyya-i-chyrvonyya-kvetki-da-pomnika-uladzimeru-karatkevichu#sigProId1d43556d11
С. Горкі