Аршанцы стварылі пэтыцыю з просьбай агучваць прыпынкі ў грамадзкім транспарце па-беларуску. Электронны зварот будзе накіраваны ў Аршанскі райвыканкам і на прадпрыемства “Віцебскаблаўтатранс”.
Аўтары пэтыцыі спасылаюцца найперш на закон “Аб мовах”: “Згодна з законам “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”, дзяржава забясьпечвае функцыянаваньне беларускай і расейскай моваў ва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця”. На падставе дадзенага Закону лічым, што ў гарадзкім грамадзкім транспарце аб'явы аб прыпынках ды іншая інфармацыя павінны гучаць на беларускай і, пры неабходнасьці, на рускай мовах”.
“Аднак усе аб'явы ў гарадзкім транспарце Воршы выконваюцца сёньня толькі на расейскай мове”, – наракаюць просьбіты.
“Просім разгледзець наш зварот і знайсьці яго станоўчае вырашэньне. Мы гатовыя аказаць неабходную дапамогу ў агучваньні абвестак, напісаньні аб'яў ды стварэньні іншай візуальнай інфармацыі на беларускай мове”, – абяцаюць аўтары звароту.
Між тым, камэнтатары пэтыцыі раяць не спасылацца на Закон “Аб мовах”, бо, апэлюючы гэтым законам, улады могуць лёгка “абгрунтаваць і неабходнасьць перакладу назваў прыпынкаў Віцебску, Полацку ды Наваполацку на рускую мову”. Маўляў, лепей проста спаслацца на даўнюю традыцыю агучваньня прыпынкаў па-беларуску ў іншых гарадах вобласьці, у тым ліку ў абласным цэнтры. І падмацаваць гэты аргумэнт спасылкай на Правілы пасажырскіх перавозак.
Пэтыцыя зьявілася на пляцоўцы “Зручны горад” 9 лістапада і за некалькі дзён сабрала больш за 60 подпісаў. Зварот можна падпісаць цягам месяца.
Тое, што на радзіме Уладзімера Караткевіча беларуская мова не гучыць у грамадзкім транспарце, - вялікі сорам.
Зьміцер Міраш