Серада, 13 Чэрвень 2018

“За жывы гук”. Ці трэба ў Беларусі забараніць выкананьне “пад фанэру”?

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

За месяц да адкрыцьця “Славянскага базару ў Віцебску” ў інтэрнэце зьявілася пэтыцыя “За жывы гук”. Яе аўтары заклікаюць унесьці зьмены ў заканадаўства Беларусі, каб забараніць выкарыстаньне “фанаграмаў гукавога запісу на ўсіх культурных мерапрыемствах падчас музычных выступаў”. “Выступаюць яны – сорамна нам”, – сьцьвярджаюць аўтары.

“На Фэстывалі нацыянальных культур, які праходзіў у Горадні 3-4 чэрвеня 2018 году практычна ўсе артысты выконвалі творы пад фанаграму (падобнае здаралася і на фэстывалі “Славянскі базар” у горадзе Віцебску)”, – гаворыцца ў пэтыцыі.

Аўтар звароту полацкі актывіст Ільля Багданаў кажа, што нават у чалавека без музычнай адукацыі выкананьне “пад фанэру” выклікае непрыемныя пачуцьці.

 

“Лічу, што гэта дрэнна адбіваецца на агульным іміджы краіны і зьяўляецца перажыткам мінулага. Мяркую, што канцэрты, якія ладзяцца за кошт рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў, мусяць у абавязковым парадку праводзіцца з выкананьнем жывога гуку”, – піша Ільля Багданаў.

Як у іншых?

У якасьці пасьпяховай барацьбы супраць фанаграм актывіст прыводзіць прыклады Расеі, Туркмэністану, Казахстану, Узбэкістану ды Кітаю.

  • У Туркмэністане прэзыдэнцкім указам забаранілі выкарыстоўваць фанаграмы яшчэ ў 2005 годзе – бо адмоўна ўплываюць “на разьвіцьцё песенна-музычнага мастацтва эпохі незалежнасьці”. Забарона вельмі жорсткая, бо тычыцца, прыкладам, нават вясельляў…
  • Гарадзкая дума Масквы ў 2007 годзе прыняла закон пра абавязак інфармаваць наведнікаў канцэртаў у тых выпадках, калі сьпевакі карыстаюцца фанаграмай голасу.
  • У Кітаі за выкананьне песьні пад фанаграму прадугледжаны штраф у памеры 2,5 тысячы даляры…

Забараніць “фанэру” спрэс?..

Беларускія законы не патрабуюць указваць факт выкарыстаньня фанаграмы на афішах. Таксама ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь не прадугледжаныя падставы для вяртаньня грошаў, патрачаных гледачамі на квіткі, у выпадку калі арганізатары канцэртаў падаюць непраўдзівую інфармацыю пра “жывое выкананьне”.    

Заяўнікі просяць ініцыяваць унясеньне зьменаў у заканадаўства, якія б забаранялі выкарыстаньне фанаграм гукавога запісу на ўсіх культурных мерапрыемствах падчас песенна-музычных выступаў.

Калектыўны зварот будзе накіраваны ў Міністэрства культуры, а таксама – сьпявачцы і дэпутатцы ПП НС Ірыне Дарафеевай.

“Лічым, што выступаць і разьвівацца сапраўдным талентам Беларусі не дае магчымасьці сурагатны і няздатны пласт выканаўцаў-фанаграмшчыкаў”, – гаворыцца ў звароце.

Міхаіл Рубін: Мае сэнс падтрымка свайго, “жывога”

Папрасілі выказацца на тэму выкананьня “пад фанэру” віцебскага музыку і паэта Міхаіла Рубіна.

Міхаіл Рубін падчас канцэрту на Rubin-fest у Віцебску

Ён паведаміў, што віцебскі клезмэрскі ансамбль “Аідышэ Нішомэ”, удзельнікам якога зьяўляецца, так, дарэчы, і не прайшоў адбор на гарадзенскі фэст нацыянальных культур, пра які пішуць аўтары пэтыцыі. “Мабыць, надта жывыя”, – іранізуе музыка.

Але кажа, што, уласна для яго, Горадня ня прыклад.

“Сэнс музыкі, безумоўна, у выкананьні “тут і зараз”. У тых эмоцыях, якія атрымлівае выканаўца. Але ведаю, што на ўзроўні самадзейнасьці часта ідзе “перастрахоўка”: ой, мы ня зробім вам гук, тут столькі калектываў... І людзі згаджаюцца, і сядзяць потым як тыя балваны! Ці сядзяць тры чалавекі, а грае аркестар. Часта гэта вымушаная мера…” – тлумачыць Рубін.

Таму, на яго погляд, нейкія патрабаваньні наконт “жывога гуку” калі і павінны, то мусяць тычыцца найперш прафэсіяналаў, а “спэцыфіку самадзейнасьці трэба ведаць”.

“Наогул, я за жывую канкурэнцыю. Павінна быць альтэрнатыва фанаграме. Каб ты выбіраў. Думаў. Вырашаў для сябе. Як па мне, мае сэнс толькі падтрымка свайго, жывога. Як зацяты альтэрнатыўшчык кажу”, – падсумаваў Міхаіл Рубін.

Дык ці трэба змагацца з “фанэрай”?

Аўтары пэтыцыі “За жывы гук” закранулі праблему, вартую “жывога” абмеркаваньня. Ці мусіць дзяржава ўводзіць жорсткія патрабаваньні і абмежаваньні ў дачыненьні да фанаграмшчыкаў? Ці патрэбныя забароны і ці пойдуць яны на карысьць?

Ці, можа, “сьпевы пад фанаграму” – гэта толькі пытаньне густу, і калі ў большасьці грамадзтва ён будзе выдатны і вытанчаны, то любая “фанэра” сама па сабе “праляціць”? Запрашаем да дыскусіі!

Зьміцер Міраш