Арганізатар фэсту Алесь Мазанік, адкрываючы імпрэзу, нагадаў, што Віцебск пераняў эстафэту ад Гародні, дзе “Фэст” ладзіўся яшчэ 10 верасьня – пад адкрытым небам. Паведаміў, што з гэтым культурніцкім праектам мае наведаць, як мінімум, усе абласныя цэнтры Беларусі. Што да Віцебску, сюды прыехалі ўсе раней заяўленыя выступоўцы, акрамя ляўрэаткі прэміі “Кніга году - 2016” (“Маё невымаўля”) Насты Кудасавай.
Чатыры сьвяты ў адзін дзень
Сьвята вышыванкі пачалося з выступу вядомага віцебскага паэта Ўладзімера Папковіча, які прэзэнтаваў сваю новую кнігу вершаў “На шалях лёсу”. Прыгадаў дарэчы, што мае сьвяткаваць у гэты дзень аж чатыры сьвяты, бо на 1 кастрычніка прыпалі таксама Дзень настаўніка, Дзень пажылых людзей і Дзень перакладчыка (30 верасьня). “А тут і Дзень вышыванкі яшчэ!” – пажартаваў. Яскравыя іранічныя вершы паэта сустракалі шчодрымі воплескамі.
Выступае Уладзімер Папковіч
З чытанкай-маляванкай “Беларуская хрысьціянская азбука” пазнаёміў слухачоў паэт Кастусь Севярынец, які напісаў для выданьня караценькія чатырохрадкоўі. Запэўніў, што “чытанка” была ўзгодненая з прадстаўнікамі ўсіх хрысьціянскіх канфэсіяў. Што праўда, у канчатковай рэдакцыі давялося замяніць вершык на літару “К” (пра Каляды), бо народную назву сьвята не ўхвалілі экспэрты-пратэстанты.
Падчас прэзэнтацыі "Дзіцячай хрысьціянскай азбукі"
“Хочацца, каб дзеткі пачулі беларускае слова і празь яго прыйшлі да Бібліі і веры”, - падсумаваў паэт.
На жаль, бацькоў зь дзеткамі было ў арт-залі “Торвальду”, мякка кажучы, зусім няшмат. Магчыма – праз даволі халоднае надвор’е ў гэты дзень.
“Героі жывуць, пакуль мы пра іх памятаем”
Перад наведнікамі “Фэсту вышыванкі” выступілі таксама стваральнік “паганскага” часопісу «Svajksta» Алесь Мікус і выдавец кніжнай сэрыі “Такая гісторыя” Раман Цымбераў. Першы беларускі раман-фэнтэзі “Сем камянёў” прэзэнтаваў аўтар Аляксей Шэін.
На "Фэсьце вышыванкі" ў Віцебску
Грамадзкая актывістка са Слуцку Аліна Нагорная распавяла пра тое, як ужо ня першы год случакі змагаюцца за ўсталяваньне ў горадзе помніка героям Слуцкага збройнага чыну. Праводзяцца акцыі, зьбіраюцца подпісы, але пакуль, на жаль, безвынікова. Выступоўца нагадала, што Дзень герояў Слуцкага збройнага чыну прыпадае на 27 лістапада. Усіх запрасіла на сьвята ў Слуцак.
Прэзэнтацыя Аліны Нагорнай
“Героі жывуць, пакуль мы пра іх памятаем”, - падкрэсьліла Аліна Нагорная.
У якасьці хэдлайнэру фэсту выступіў легендарны беларускі паэт Славамір Адамовіч, які ўпершыню (праз 20 гадоў) вярнуўся ў Віцебск пасьля таго, як правёў у 1996-м паўгода ў віцебскай вязьніцы па справе публікацыі ў газэце “Выбар” верша “Убей президента”.
Славамір Адамовіч падчас імпрэзы
Да гэтага, у 1994 годзе, ён разам з мастаком Алесем Пушкіным зладзіў у Віцебску першы зьезд беларускіх нацыяналістаў. Паэт падзяліўся ўспамінамі і насыціў атмасфэру “любоўным зарынам”, прачытаўшы некалькі эратычных вершаў са сваіх паэтычных кніжак.
Кніжныя паліцы на фэсьце былі багатыя.
Алесь Мазанік: Не зьбіраюся спыняцца…
Арганізатар імпрэзы Алесь Мазанік у размове з карэспандэнтам “Віцебскай вясны” падкрэсьліў, што наведнікаў “Фэсту вышыванкі” ў Віцебску магло быць і больш, але сэнс падзеі ня ў іх колькасьці.
“Я цалкам усьведамляю, што, калі прывозіць топ-выканаўцаў, то, вядома, будзе нашмат большы водгук. Але гэтым і так ёсьць каму займацца. Мне цікава прасоўваць тых людзей, хто менш знакаміты ці, можа быць, ня мае выхаду на шырокую публіку, дапамагаць ім сустракацца і размаўляць. І я ў кожным разе не зьбіраюся спыняцца”, - запэўніў арганізатар “Фэсту вышыванкі”.
Алесь Мазанік
Выказаў спадзяваньні, што ягоная ініцыятыва, накіраваная на папулярызацыю беларускіх творцаў і выдаўцоў, будзе мець сваіх наступнікаў.
“Можна сядзець і наракаць, але варта рабіць нават тады, калі аб’ектыўна разумееш, што галоўны вынік працы не пабачыш ані заўтра, ані нават празь месяц”, - кажа Алесь Мазанік.
“Фэст вышыванкі” ў віцебскім арт-пабе Torvald працягваўся больш за восем гадзінаў і скончыўся цікавым паб-квізам “Імбрыкі ды Імбрычкі”.
Зьміцер Міраш, фота аўтара