Сёлета ідэю рэанімавалі, і ў верасьні гарадзкая ЖКГ абвясьціла новы тэндар: пастаўшчык мусіць прывезьці, усталяваць і падрыхтаваць да эксплёатацыі “чортава кола” дыямэтрам 34-38 мэтраў з шаснаццацьцю закрытымі кабінкамі ды ілюмінацыяй.
Агляднае кола, безумоўна, рэч карысная для гораду, але, як часьцяком здараецца, віцебскія ўлады забыліся на мэтазгоднасьць шырокага грамадзкага абмеркаваньня сваёй ідэі перад прыняцьцем канчатковага рашэньня. Але ж месьцічы маюць свае меркаваньні, да якіх варта хаця б зрэдчас прыслухоўвацца.
Так, грамадзкі актывіст Аляксандар Ткачоў перакананы, што ў той час, калі горад пакрысе набывае годнае архітэктурнае аблічча, усталяваньне вялікага мэталёвага страхоцьця можа яго непапраўна сапсаваць. Ці ня самую шыкоўную гарадзкую панараму, якая адкрываецца з боку Задзьвіньня, можна спаскудзіць усяго адным непісьменным рашэньнем.
25 верасьня актывіст напісаў электронны ліст да старшыні віцебскага гарвыканкаму Віктара Мікалайкіна, у якім просіць адмяніць рашэньне аб усталяваньні агляднага кола ў парку Пераможцаў. Актывіст мяркуе, што адной архітэктурнай дамінантай гораду ёсьць Усьпенскі сабор, другой – помнік “Тры штыкі”, і зьяўленьне паміж імі вялізнага “чортава кола” разбурыць архітэктурную гармонію. Спадар Ткачоў раіць ня браць за прыклад адмоўны досьвед іншых гарадоў і настойвае на захаваньні непаўторнага выгляду гістарычнай часткі Віцебску.
“Не сьпяшайцеся, ёсьць куды больш важныя аб'екты, незабясьпечаныя фінансаваньнем, ці ўжо ў гарадзкім бюджэце грошы няма куды падзець? Хай усё ўтрасецца, трэба абмеркаваць як сьлед”, – піша актывіст у лісьце.
Аляксандар Ткачоў прапануе вынесьці абмеркаваньне праекту атракцыёну на архітэктурны савет, куды запрасіць адмыслоўцаў і прадстаўнікоў грамадзкасьці. Апроч таго ён раіць арганізаваць апытаньне месьцічаў праз сайт гарвыканкаму. Як альтэрнатыўнае месца для ўсталяваньня кола агляду ён прапануе пляцоўку ў парку ля Лядовага палацу.
28 верасьня актывіст на свой зварот атрымаў апавяшчэньне, што ліст перанакіраваны ў аддзел архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкаму для разгляду па сутнасьці.
Чым скончыцца супрацьстаяньне розных падыходаў, пакуль невядома. Але, падаецца, нават звычайнае пачуцьцё меры ў гарадзкіх уладаў і тое не спрацоўвае. Сабраныя ў адным месцы ў самым цэнтры гораду летакі з гелікоптэрамі, танкі з бэтээрамі, самаходкі з гарматамі, парашутная вежа з трыма штыкамі і так выглядаюць перабольшаньнем, а тут яшчэ “чортава кола”! Відаць, для паўнаты тутэйшага ўяўленьня аб прыгожым яго толькі і не хапала!
С. Горкі