Адкрываючы выставу, рэгіянальны кіраўнік кампаніі «Будзьма беларусамі!» Уладзімер Булаўскі прадставіў Міхала Анемпадыстава як паэта, дызайнэра, аўтара канцэпцыі «Народнага альбому». Ён патлумачыў, што выстава «Колеры Беларусі» зьяўляецца своеасаблівым мастацкім дасьледаваньнем, зробленым у рамках міжнароднага праекту захаваньня культурнай спадчыны CHOICE.
Ва ўступным слове Міхал Анемпадыстаў адзначыў, што выставу нельга лічыць фатаграфічнай, а яго – фатографам. У цэлым гэта канцэптуальны мастацкі праект, які выкарыстоўвае фатаграфію ў якасьці інструмэнту. Праект – гэта спроба высьветліць, якія колеры і чаму былі найбольш любімымі і шанаванымі ў гісторыі культуры Беларусі. Адначасна, гэта спроба распавесьці пра тыя сэмантычныя і сымбалічныя сэнсы, якія спадарожнічаюць колерам у розныя гістарычныя часы.
Праца над праектам распачалася ў 2009 годзе і мусіла завяршыцца выданьнем кнігі альбо альбому, дзе здымкі выкарыстаныя ў якасьці ілюстрацыйнага матэрыялу. Аднак выстава – гэта іншы фармат, таму для яе адабраная толькі тая частка фатаграфічнага матэрыялу, якая стварае сваю невэрбальную гісторыю, свой невэрбальны тэкст.
У выніку сваіх досьледаў, спадар Міхал прыйшоў да высновы, што найбольш любімымі колерамі для Беларусі можна лічыць чорны і белы, белы і чырвоны, сіні і блакітны, залаты, шэры, зялёны. У адпаведнасьці з гэткім падыходам стваралася і экспазыцыя выставы, якая разьмясьцілася на шасьці сьценах трох выставачных заляў.
Далей была доўгая і цікавая аўтарская экскурсія з камэнтарамі і развагамі. А пачалася яна з той часткі экспазыцыі, дзе фотаздымкі аб’яднаныя спалучэньнем чорнага і белага колераў.
Але перш чым пачаць свой расповед, Міхал Анемпадыстаў зазначыў, што канцэптуальна ў праекце яго цікавяць дзьве рэчы: традыцыйныя носьбіты колеру, зь якімі ён у першую чаргу асацыюецца, і архітыпічныя вобразы выкарыстаньня гэтых колераў.
Чорны і белы – два колеры, якія без выключэньня можна лічыць першымі ў кожнай культуры, бо яны ўспрымаліся людзьмі яшчэ да разуменьня імі, што такое колер. У нейкім сэнсе гэта не зусім колеры, бо яны ўспрымаюцца найперш як сымбалі сьвятла і цемры. Колер жа – гэта прадукт культуры. Чалавек бачыць усе колеры, але ён іх не ідэнтыфікуе, не адрозьнівае да тае пары, пакуль культура не дасягае такога ўзроўню, калі ўзьнікае патрэба той ці іншы колер у сабе мець.
Дарэчы, мастак адзначыў, што чорны, белы, сіні, шэры, зялёны – гэта пракавечныя колеры з агульнай індаэўрапейскай спадчыны. Ва ўсіх эўрапейскіх мовах існуе па адзінаццаць базавых колераў. У расейскай дванаццаць, бо акрамя блакітнага ў іх яшчэ ёсьць і сіні. У беларускай няма брунатнага, але ёсьць сіні і блакітны.
Што тычыцца традыцыйных носьбітаў чорнага і белага колераў, зь якімі яны ў нашай традыцыйнай рэчаіснасьці зьвязаныя, то гэта вугаль і мел (крэйда, вапна). Ён адзначыў, што чорны колер у беларускай традыцыйнай культуры не нясе ў сабе трагічнай ці адмоўнай канатацыі. У якасьці прыкладу было прыведзена традыцыйнае чорнае ткацтва з вёскі Страдзічы.
Чырвоны колер, які спалучаецца зь белым, на фотаздымках пададзены, як журавіны ў цукры з адной чырвоненькай у цэнтры, як шыпшына пад сьнегам, народная вышыванка чырвоным па беламу, «Пагоня»... Чырвоны колер зьявіўся ў нас дзякуючы тэхналягічнаму разьвіцьцю, калі ў прамысловых маштабах пачалі выкарыстоўваць прыродны фарбавальнік чарвец польскі. Мяркуецца, што паданьне пра пошукі папараць-кветкі зьвязанае з пошукамі гэтых самых чарвяцоў. Выкарыстаньне ўласнага прыроднага фарбавальніку з пункту гледжаньня цывілізацыйнага разьвіцьця – гэта вельмі важны тэхналягічны прарыў, адзначыў творца.
Сіні колер у беларускай традыцыі – характэрны маркер іншасьвету, чарадзейства, чараўніцтва. Цікава, што сіні колер сьнегу не заўважаўся ў беларускай культуры ажно да 19 стагодзьдзя. Сіняя валошка не была элемэнтам народнай традыцыі, але дзякуючы вершу «Слуцкія ткачыхі» Максіма Багдановіча, васілёк стаў нацыянальным сымбалем.
Залаты колер замяняе ў нас табуяваны жоўты, хаця золата ў нас ніколі не здабывалася. Золата зьяўляецца з пачатку кантактаў зь Бізантыяй і распаўсюду на нашых землях хрысьціянства. Залаты – колер боскага сьвятла.
Шэры колер мае шмат адценьняў. На фота гэта і шарачок, і сялянская сьвітка, гонта, шалёўка, колер старога дрэва, брама зь Белавежы... Шэры колер нясе ў сабе адзнаку старасьвецкасьці, з выключна пазытыўнай канатацыяй.
Зялёны колер у традыцыі высокай культуры – гэта культура інтэграцыі ў прыроднае асяродзьдзе, а ў народнай культуры – гэта натуральнае стаўленьне да прыроды, як асяродку існаваньня чалавека.
Выстава працягнецца да 25 красавіка, і той, хто скарыстаецца магчымасьцю яе наведаць, мяркую, будзе задаволены. Адзінае, чаго будзе бракаваць, дык гэта прысутнасьці аўтара, які б удакладніў і пашырыў маштаб усьведамленьня сэмантычнага і сымбалічнага сэнсу, зафіксаванага ім.
https://viciebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/2266-kantseptualny-mastatski-praekt-kolery-belarusi-mozhna-navedats-u-vitsebsku-tsyagam-tydnya#sigProId11cbdeb7df
С. Горкі