Нядзеля, 05 Люты 2017

У падарунак дзядзьку Рыгору: выпушчаная кружэлка з вушацкімі песьнямі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Рыгор Барадулін Рыгор Барадулін © Sputnik Яўген Коктыш

На кружэлцы апроч кампазыцыяў сучасных музыкаў будуць яшчэ і арыгінальныя запісы сьпеваў маці паэта – Куліны Барадулінай, а таксама сьпевы самога Рыгора Барадуліна.

Вялікі канцэрт і прэзэнтацыя кружэлкі «Песьні матчыны з Вушаччыны» адбудзецца 26 лютага ў Менску ў Палацы культуры вэтэранаў. Такі падарунак падрыхтаваў да дня народзінаў народнага паэта Беларусі гурт «Re1ikt», этна-гурт «Vuraj», калектыў «Harmonic style project», фальклёрны гурт «Варган», Ірэна Катвіцкая, Віктар Сямашка, паэт Міхась Скобла.

Аўтару ідэі і праекту Сяргею Доўгушаву Рыгор Барадулін некалі падараваў кніжку, якая так і называлася: «Песьні матчыны з Вушаччыны».

«Мы вырашылі пераасэнсаваць і аднавіць вушацкія песьні, якія зь дзяцінства Рыгору Барадуліну сьпявала яго маці. У ёй запісаныя абрадавыя, пазаабрадавыя, лірычныя і застольныя песьні. Вось мы і паспрабавалі іх агучыць», – кажа аўтар праекту Сяржук Доўгушаў.

Кружэлка стане сапраўдным падарункам ня толькі для сваякоў і землякоў паэта, але і для ўсіх беларусаў. Аўтары праекту мяркуюць зрабіць прэзэнтацыі кружэлкі і ў іншых гарадох Беларусі.

Раней паэт і сьпявак Алесь Камоцкі выклаў у інтэрнэт альбом «Гойкнуў баравік», які Рыгор Барадулін запісаў у яго дома 16 год таму.

sputnik.by