Выйшла ў сьвет анталёгія дзякуючы двум нефармальным інстытутам – Беларускаму калегіюму і Лятучаму ўнівэрсытэту. У склад рэдкалегіі ад іх увайшлі Валянцін Акудовіч, Ірына Дубянецкая, Максім Жбанкоў, Ігар Бабкоў, Павал Баркоўскі і, вядома, Уладзімер Мацкевіч. Ролю адказнага рэдактара і кіраўніка групы выконвала Тацяна Вадалаская, якая каардынуе Лятучы ўнівэрсытэт.
Што ўяўляе сабой кніга? Тут сабраная квінтэсэнцыя беларускай філязофіі за пэрыяд 2000-2015 гг. 25-ю знакавымі тэкстамі нашых мысьляроў і інтэлектуалаў, што ўвайшлі сюды, яна як бы падводзіць вынікі за мінулыя 15 гадоў, калі адбывалася сталеньне беларускай думкі і сучаснага інтэлектуальнага дыскурсу.
Жанры і стылі тэкстаў абсалютна розныя: тут і маніфэсты, і мэтафізычныя развагі, і крытыка і рэакцыя на выклікі сучаснасьці, і паглыбленьне ў карані цывілізацыі, і само асэнсаваньне краіны якая яна ёсьць. У цэлым анталёгія складаецца зь пяці разьдзелаў, якія самі па сабе і адлюстроўваюць стан беларускага мысьленьня.
Як прызнаўся Ўладзімер Мацкевіч, увесь той час, калі вялася праца над выданьнем, у рэдкалегіі не сьціхалі спрэчкі. Яе чальцам, у кожнага зь якіх свае погляды і падыходы, часам было нялёгка дамовіцца паміж сабой: што ж трэба ўключаць у анталёгію, а што не; якія тэксты павінны там прысутнічаць у прынцыпе; хто будзе пісаць прадмову і пасьляслоўе і г.д. Бывала і такое, калі не ўдавалася прыйсьці да кансэнсусу і даводзілася зьвяртацца да такога спосабу як галасаваньне.
Што да назвы анталёгіі, то тут, вядома, не без рознагалосьсяў, але вырашана было адштурхоўвацца ад апошняй кнігі Валянціна Акудовіча «Код адсутнасьці», бо менавіта Акудовіч быў прызнаны тут першым і самым галоўным філёзафам. У выніку перафразаваньня і нарадзілася кніга «Код прысутнасьці».