На самым пачатку сваёй лекцыі Мікалай Півавар падкрэсьліў, што лёсы беларусаў, як і лёсы прадстаўнікоў іншых народаў СССР, трывала ўпісаныя ў парадыгму сталінскага тэрору. І калі ў Расеі самым вялікім месцам, дзе зьдзяйсьняліся масавыя расстрэлы, лічыцца палігон Бутава пад Масквой, то ў Беларусі гэта Курапаты, а ў Віцебскім раёне – Хайсы, Цёплы лес і Паляі.
Сотні тысячаў беларусаў прайшлі свой пакутніцкі шлях праз сыстэму ГУЛАГу, але нямногія зь іх пакінулі дакумэнтальныя ці мастацкія сьведчаньні перажытага. Мэмуары Мікалая Ўлашчыка і Міхала Плавінскага, успаміны Сяргея Грахоўскага і Ўладзімера Дубоўкі, «Кара за службу народу» Мар'яна Пецюкевіча, «У кіпцюрох АГПУ» Францішка Аляхновіча, «Каб ведалі...» Ларысы Геніюш – гэта той невялікі пералік твораў і аўтараў, у якіх адсочваецца беларускі сьлед у гады сталінізму.
Пад махавік рэпрэсіяў трапілі тутэйшыя грамадзяне абсалютна ўсіх станаў ад селяніна да акадэміка. Гэткім жа разнастайным быў і шэраг тых асобаў, якіх спадар Півавар абраў у якасьці суб'ектаў для свайго досьледу.
Сярод іншых згадаў Мікалай Півавар прозьвішча Мікалая Ўлашчыка, слыннага беларускага гісторыка, які чатыры разы трапляў пад прэс сталінскіх рэпрэсіяў і які ўпершыню быў асуджаны да высылкі яшчэ ў 1931 годзе. Нягледзячы на перажытыя выпрабаваньні, ён здолеў вярнуцца да навуковай працы і зрабіць значны ўнёсак у дасьледаваньне беларускай мінуўшчыны. Усё астатняе сваё жыцьцё гісторык пражыў у Маскве. Працаваў у Інстытуце гісторыі на карысьць сваёй Бацькаўшчыны. Увесь час навуковец намагаўся вярнуцца на Радзіму, але тутэйшыя партыйныя цэрбэры ад навукі не дазволілі зьдзейсьніцца ягоным марам. У нацыянальна арыентаваным дасьледчыку яны бачылі яўную ідэалягічную небясьпеку. Напісаныя Ўлашчыкам кнігі застаюцца актуальнымі для сёньняшніх і наступных пакаленьняў беларусаў.
Гісторыя жыцьця Івана Вашчылы з Гарадоччыны ўражвае сваёй неверагоднай прыгодніцка-авантурнай лініяй. Вясковы хлопец безь сярэдняй адукацыі стаў поўным георгіеўскім кавалерам, ваяваў лётчыкам, стаў афіцэрам, служыў у арміі Калчака, даслужыўся да падпалкоўніка, пасьля грамадзянскай вайны зьехаў у Кітай, кіраваў кітайскай эскадрыльляй; мог стаць палкоўнікам, але дзеля гэтага трэба было набыць кітайскае грамадзянства, што для яго было непрымальным; урэшце трапіў пад сталінскія рэпрэсіі і прайшоў свой шлях выпрабаваньняў.
Блізкім да лёсу Вашчылы падаецца лёс ураджэнца фальварку Ярашоўка Слонімскага павету паэта, публіцыста, мэмуарыста Платона Крэня, які браў удзел у першай сусьветнай, а пасьля і грамадзянскай вайне. Служыў у Чырвонай арміі, затым перайшоў да белых. Трапіў у Крым, дзе пасьля разгрому белага руху апошнім параходам «Дон» сплыў у Турэччыну. Вяртаньне на радзіму было доўгім. Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да СССР трапіў у спісы для дэпартацыі, выратавала вайна. Пасьля вызваленьня ў 1945 годзе асуджаны на восем гадоў. У 1953 годзе вяртаецца ў сваю любую Ярашоўку. Ягоная дачка Ірына Крэнь выдала кнігу пасьмяротных успамінаў бацькі «Бывай, Ярашоўка».
Скончыў Мікалай Півавар свой расповед пра лёсы беларусаў у гады сталінізму гісторыяй віцебчука Міхала Плавінскага, краязнаўцы і даследчыка даўніны. Шаснаццацігадовым юнаком ён быў эвакуаваны немцамі ў Слонімскі раён, дзе тры месяцы хадзіў у беларускамоўную школу. Гэтага тэрміну хапіла дзеля таго, каб у ім абудзілася нацыянальная сьвядомасьць. Ён даведаўся пра Грунвальд, пра Альгерда і Вітаўта, пра вялікую дзяржаву ад мора да мора. Пры канцы вайны трапіў у РВА, пасьля ў нямецкі канцлягер, зь якога быў вызвалены амэрыканцамі. Мог застацца на Захадзе, але захацеў вярнуцца на Радзіму. Па вяртаньні трапіў ужо у савецкі лягер. Вызваліўся, вярнуўся ў Віцебск, працаваў цесьляром на чыгунцы, зацікавіўся краязнаўствам, меў магчымасьць вандраваць па Беларусі, чым і карыстаўся. Быў досыць абазнаным дасьледчыкам, пасьля ўтварэньня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры браў актыўны ўдзел у ягонай працы.
Вельмі прыемна, што тэма сталінізму, якая дасюль застаецца маладасьледаванай, не сыходзіць з поля зроку віцебскай грамадзкасьці, і вельмі важна, што да гэтай справы далучаюцца ня толькі мясцовыя рупліўцы, але і сур'ёзныя навукоўцы.
https://viciebskspring.org/news/kulturnyja-pravy/item/1858-gistoryk-mikalaj-pivavar-raspavjou-vitsebchukam-pra-ljosy-belarusau-u-gady-stalinizmu#sigProId45e4aa51d1
С. Горкі