24 снежня 2019 году на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» грамадзянская актывістка Таццяна Севярынец разьмясціла тэкст, у якім заклікала віцяблян да ўдзелу ў мірным пратэсце «супраць інкарпарацыі краіны ў склад Расеі».
Падчас суду Таццяна пацвердзіла, што заклікала грамадзянаў паўдзельнічаць 29 снежня ў мірным сходзе, каб выказаць сваё меркаванне наконт захавання незалежнасці Беларусі. 23 студзеня 2020 году суддзя суду Першамайскага раёну Віцебску Міхаіл Юрчанка аштрафаваў Севярынец на 810 рублёў. 19 лютага суддзя Віцебскага абласнога суду Святлана Іванова, разгледзеўшы скаргу Севярынец на рашэнне суддзі Юрчанкі, пакінула яе без змены, а патрабаванні спыніць справу без задавальнення.
Такім чынам, не дамогшыся абароны сваіх грамадзянскіх правоў у беларускіх судах, Таццяна Севярынец звярнулася ў Камітэт па правах чалавека, які зарэгістраваў яе паведамленне ў межах дзейнай працэдуры.
Цяпер беларуская дзяржава мусіць даслаць у Камітэт пераканаўчыя аргументы з нагоды скаргі актывісткі.
Лявон Яфрэменка