Пятніца, 21 Чэрвень 2019

Накіраваны яшчэ адзін зварот супраць пабудовы катла для спальваньня коксу ў Наваполацку

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Комплекс запаволенага каксаваньня. 2018 год. Фота: belchemoil.by Комплекс запаволенага каксаваньня. 2018 год. Фота: belchemoil.by

“Патрабуем спыніць працэс праектаваньня і пабудовы катла для спальваньня нафтавага коксу на Наваполацкай ЦЭЦ”, – заклікаюць гараджане ў пэтыцыі на пляцоўцы “Зручны горад”. Аўтары звароту мяркуюць, што пабудова катла “значна павялічыць выкіды шкодных рэчываў у атмасфэрнае паветра”.

Нагадаем, што грамадзкае абмеркаваньне праекту пабудовы катла для спальваньня нафтавага коксу на Наваполацкай ЦЭЦ і яго ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе праходзіла ў красавіку – траўні 2019 году. Тады беларускія эколягі білі трывогу і папярэджвалі, што гэта “канчаткова заб’е рэгіён”.

Згодна са справаздачай аб АУНА агульныя выкіды ад ЦЭЦ вырастуць, у прыватнасьці – выкіды аксыду вугляроду і цьвёрдых часьцінак. Гэта калі казаць толькі пра выкіды ў атмасфэрнае паветра. Але ж праект прадугледжвае таксама складзішча для попелу, які плянуюць зрабіць на попелаадвалах, дзеля чаго высекуць 50 га лесу. Попел ёсьць небясьпечным адкідам, утрымлівае цяжкія мэталі – ванадый і нікель.   

Тады, у красавіку 2019-га, навапалачане ўжо складалі калектыўны зварот супраць будаўніцтва катла. Пэтыцыя “Прадухілім экалягічную катастрофу ў г. Наваполацку” сабрала амаль 1800 подпісаў. У выніку “Віцебскэнэрга” быў вымушаны прыпыніць грамадзкія абмеркаваньні “у сувязі з паступленьнем вялікай колькасьці заўвагаў па справаздачы”. У сваім адказе заяўнікам Міністэрства энэргетыкі паведамляла, што дакумэнт (справаздача аб АУНА) будзе дапрацаваны і мусіць прайсьці праз паўторнае грамадзкае абмеркаваньне, а таксама атрымаць станоўчае заключэньне дзяржэкспэртызы.

Аўтары новай пэтыцыі дзейнічаюць на апярэджаньне. Свой зварот яны накіравалі гэтым разам у Мінпрыроды – асноўны дзяржаўны суб’ект, які мусіць дбаць пра стан навакольнага асяродзьдзя. А таксама – у міністэрства энэргетыкі, да тых чыноўнікаў, каму належыць ідэя пабудовы котлаагрэгату.

“Збор подпісаў пад папярэдняй пэтыцыяй ужо завершаны, атрыманыя адпіскі ад дзяржавы, але праблема засталася нявырашанай. Каб вырашыць яе – трэба надалей пісаць скаргі і працягваць інфармацыйную кампанію. Аж да той пары, пакуль яны не адмовяцца ад гэтай дзіўнай ідэі…” – тлумачаць аўтары звароту.

“На дадзены момант горад Наваполацак зьяўляецца лідэрам у Беларусі па аб’ёмах прамысловых выкідаў і шкодных рэчываў у паветры – больш за 50 тысяч тонаў выкідаў у паветра штогод. У гэтай сытуацыі трэба рабіць намаганьні па зьмяншэньні шкодных выкідаў у паветра, але ніяк не будаваць прамысловыя аб’екты, якія іх павялічаць”, – гаворыцца ў новай пэтыцыі.

Спальваньне коксу ў праектаваным катле мае на мэце замясьціць прыродны газ, імпартаваны з Расеі. Нафтавы кокс будуць вырабляць на комплексе запаволенага каксаваньня, які мяркуюць пабудаваць да лістападу 2019 году. Але незразумела, пра якое імпартазамяшчэньне вядзецца гаворка, калі кокс будуць вырабляць усё з той жа расейскай нафты.

Паводле праекту пабудовы катла, ён будзе мець парапрадукцыйнасьць 240 т/ч. Агульныя інвэстыцыйныя выдаткі будуць складаць больш за 1 млрд. даляраў. Паводле праекту, гэта крэдытныя сродкі і сродкі самога заводу.

Зьміцер Міраш