Серада, 10 Ліпень 2019

Перамога. Кацёл для спальваньня коксу ў Наваполацку будаваць ня будуць

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Комплекс запаволенага каксаваньня. 2018 год. Фота: belchemoil.by Комплекс запаволенага каксаваньня. 2018 год. Фота: belchemoil.by

Міністэрства энэргетыкі адказала на пэтыцыю навапалачан, якія заклікалі спыніць пабудову катла па спальваньні нафтавага коксу на Наваполацкай ЦЭЦ. Мінэнэрга паведамляе, што паінфармавала Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь “аб немэтазгоднасьці ў існых умовах далейшых работ па рэалізацыі праекту”.

“Улічваючы, што Наваполацкі рэгіён зьяўляецца адным з экалягічна неспрыяльных у краіне, спатрэбіцца прыняцьце адпаведных праектных рашэньняў і дадатковых прыродаахоўных захадаў, што прывядзе да істотнага падаражэньня праекту будаўніцтва катлаагрэгата для спальваньня нафтавага коксу на Наваполацкай ЦЭЦ.

Улічваючы выкладзенае і беручы пад увагу выяўленыя пры правядзенні грамадзкіх абмеркаваньняў нэгатыўнае стаўленьне грамадзянаў і мясцовай выканаўчай улады, Мінэнэрга інфармавала Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь аб немэтазгоднасьці ў існых умовах далейшых работ па рэалізацыі праекту па спальваньні нафтавага коксу на Наваполацкай ЦЭЦ”, – гаворыцца ў адказе намесьніцы міністра энэргетыкі Вольгі Пруднікавай.

“Выдатная навіна: Наваполацак адбіўся ад пабудовы катла па спальваньні нафтавага коксу!” – адрэагаваў на паведамленьне Мінэнэрга праваабаронца і актывіст кампаніі “За чыстае паветра Наваполацку” Дзьмітры Салаўёў. 

Нагадаем, што ў 2019 годзе актывісты і эколягі зьбіралі подпісы пад некалькімі электроннымі зваротамі ў дзяржаўныя органы, пратэстуючы супраць праекту спальваньня коксу на Наваполацкай ЦЭЦ. Пад першай пэтыцыяй “Прадухілім экалягічную катастрофу ў Наваполацку” падпісалася амаль 1800 чалавек. У тым ліку дзякуючы такой актыўнасьці грамадзкія абмеркаваньні справаздачы аб АУНА гэтага праекту былі прыпыненыя.

Раней мы пісалі, што агульныя выдаткі рэалізацыі праекту маглі скласьці больш за 1 млрд. даляраў. Экалягічныя ж наступствы меркаванага будаўніцтва маглі быць сапраўды катастрафічнымі.

Зьміцер Міраш