Сход у Лынтупах праходзіў у межах грамадзкага абмеркаваньня справаздачы аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе плянаванага кар’ера. Прагучала на ім і пытаньне пра верагоднасьць таго, што ў жвіроўню павязуць радыяактыўныя адкіды. На гэта адказала кіраўнічка групы гідраэкалёгіі Інстытуту прыродакарыстаньня НАН Беларусі Натальля Томіна. Яна запэўніла, што ніхто ў лынтупскую жвіроўню вазіць ядравыя адкіды не зьбіраецца. “Хутчэй за ўсё”, – абмовілася напрыканцы.
“Ніхто сюды вазіць ня будзе…”
“Для атрыманьня пэўнай інфармацыі, дзе будуць складавацца адкіды ад АЭС, трэба зьвярнуцца да дырэкцыі будаванай АЭС. Яна знаходзіцца ў Менску і можа даць вам афіцыйны, скажам так, адказ. Што тычыцца радыяактыўных адкідаў, вазіць іх так далёка, сюды, за 50 км, ніхто ня будзе”, – адказала Натальля Томіна.
Натальля Томіна (у цэнтры) адказвае на пытаньне пра могільнік
“Ёсьць дзяржаўныя праграмы па выбары месцаў могільнікаў радыяактыўных адкідаў менавіта пад будаваную Беларускую АЭС. Гэта вельмі значны праект, які будзе праходзіць экалягічную экспэртызу і грамадзкае абмеркаваньне. Гэта праект асаблівай важнасьці. Над ім, я ведаю, спэцыялісты працуюць. Але ў якасьці вашага кар’ера такога, хутчэй за ўсё, ня будзе”, – дадала супрацоўніца Інстытуту прыродакарыстаньня.
Удакладніла, што плянаваны кар’ер – пясчана-жвіровы, і ў ім будзе вада. “А хто ў ваду будзе складаваць адкіды? Напэўна для іх прыдумаюць нешта больш рацыянальнае”, – падсумавала Натальля Томіна.
Эколяг: “Навошта лезьці сюды, у такія прыгожыя мясьціны…”
Між тым, мясцовыя эколягі сьцьвярджаюць, што на Пастаўшчыне ўжо не аднойчы першапачатковыя праекты раптам трансфармаваліся ў нешта іншае. Актывіст руху “Зялёны дазор” Ігар Пастухоў з Лынтупаў прыводзіць у якасьці такога прыкладу праект пабудовы ў вёсцы Вайшкуны маленькай каплічкі, замест якой на беразе возера Балдук узьвялі цэлы царкоўна-турыстычны комплекс.
Акурат таму Ігар Пастухоў не выключае, што зь цягам часу кар’ер для здабычы жвіру трансфармуецца ў ядравы могільнік.
Супрацьпажарную высечку ў накірунку Астраўца чамусьці не засаджваюць, як мае быць, лістовымі дрэвамі. Паласа недалёка ад меркаванай жвіроўні...
“Ёсьць некалькі ўскосных прыкметаў таго, што тут ня ўсё так чыста, як спрабуюць нам падаць. Праект гэты цягам 10 дзён проста хавалі ад грамадзкасьці. І каб мы не праявілі пэўнай цікавасьці і настойлівасьці – дагэтуль ня ведалі б пра яго. Апроч таго, гэта эканамічна нявыгаднае месца для здабычы пяску і жвіру. Бо ёсьць альтэрнатыва з запасам выкапняў на 20 гадоў – кар’ер Данеўцы”, – кажа Ігар Пастухоў.
“Навошта лезьці сюды, у такія прыгожыя мясьціны на мяжы з асабліва ахованымі прыроднымі тэрыторыямі?..” – дадае.
На гэтым месцы мяркуюць зрабіць кар'ер. Лес будзе высечаны
Паводле актывіста, меркаваны кар’ер паўплывае і на гідралёгію навакольля. Ён будзе разьмяшчацца на водападзеле рэчак Олксна і Лынтупка. “Ёсьць вялікая верагоднасьць таго, што вада сыдзе. Яе стане менш. Менш стане вады ў калодзежах. І гэта можа адмоўным чынам паўплываць на экасыстэму прыродных заказьнікаў, якія знаходзяцца побач”, – кажа Пастухоў.
На сходзе гэтыя цьверджаньні спрабавала аспрэчыць Натальля Томіна. Казала, што ўсё добра разьлічана і зьніжэньня ўзроўню вады і высыханьня калодзежаў ня здарыцца.
“Нулявая альтэрнатыва”
Цікава, што радовішчы каля Вінцэнтова, дзе хочуць збудаваць жвіроўню, і ў Данеўцах, адкуль бяруць пясок ужо 30 гадоў, былі адкрытыя яшчэ за Савецкім Саюзам. Дык тады навукоўцы аддалі перавагу Данеўцам, якія знаходзяцца бліжэй да Паставаў. Але, як паведаміў на сходзе прадстаўнік заказчыка (“Віцебскаблдарбуд”) Андрэй Пятрэнка, кар’ер “Данеўцы” ужо цалкам выпрацаваны і ў 2019 годзе будзе закрыты.
На кар'еры "Данеўцы" пясок пакуль бяруць
Аднак мясцовыя актывісты сьцьвярджаюць, што праз дарогу ад ужо вычарпанага кар’еру ляжаць запасы пяску і жвіру яшчэ на добрых гадоў 20, але такую альтэрнатыву аўтары праекту нават не разглядаюць. Пятрэнка, у прыватнасьці, спасылаецца на тое, што праз дарогу пачынаецца ахоўная прыродная тэрыторыя…
Трэба адзначыць, што абмяркоўваная справаздача аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе наогул не падае альтэрнатыўнага варыянту. Толькі – “нулявая альтэрнатыва”: быць альбо ня быць…
Праект прэзэнтаваў прадстаўнік заказчыка (“Віцебскаблдарбуд”) Андрэй Пятрэнка
Прадстаўнікі ўладаў і распрацоўшчыкі праекту жвіроўні на сходзе ў Лынтупах вымушаныя былі прызнаць, што запозна падалі інфармацыю пра грамадзкія абмеркаваньні на сайт райвыканкаму. Але запэўніваюць, што гэта не было наўмысным утойваньнем інфармацыі ад грамадзтва. Акурат з гэтай прычыны абмеркаваньні праекту падоўжаныя да 27 чэрвеня.
На сходзе
Зьміцер Міраш