Нядзеля, 04 Снежань 2016

Віцебскі раён: Праверкі выяўляюць масавыя парушэньні правілаў абыходжаньня з адкідамі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Старшыня райвыканкаму Генадзь Сабыніч на працоўнай нарадзе зьвярнуў увагу на шэраг хібаў у працы, накіраванай на рацыянальнае выкарыстаньне прыродных рэсурсаў на тэрыторыі раёну, і запатрабаваў ад суб'ектаў гаспадараньня забесьпячэньня на падведамных ім аб'ектах захаваньня патрабаваньняў прыродаахоўнага заканадаўства.

Да ўтварэньня несанкцыянаваных сьметнікаў на тэрыторыі раёну спрычыняецца збой графікаў плянава-рэгулярнай ачысткі населеных пунктаў і садаводчых таварыстваў. Такое заключэньне зрабіла галоўны спэцыяліст раённай інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Ірына Норкус падчас аналізу тэматыкі зваротаў грамадзян і арганізацыяў у прыродаахоўнае ведамства.

– Практычна ў ходзе кожнай праверкі выяўляюцца парушэньні правілаў абыходжаньня з прамысловымі і бытавымі адкідамі, непадзел адкідаў на віды, утылізацыі макулятуры, шкла, тэкстылю, апонаў, засьмечваньне імі хмызьняковай расьліннасьці і лесу, – канстатавала яна.

Паводле слоў Ірыны Норкус, з боку райінспэкцыі неаднаразова УП ЖКГ «Віцрайкамгас» выдаваліся прадпісаньні па прывядзеньні ў належны стан міні-палігонаў. Прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасьці службовыя асобы, адказныя за іх эксплёатацыю, і сама юрыдычная асоба.

– І дасюль міні-палігоны функцыянуюць з парушэньнем нарматыўных прававых актаў у галіне аховы навакольнага асяродзьдзя, – адзначыла галоўны спэцыяліст прыродаахоўнага ведамства. – Так, на сёньняшні дзень яркім прыкладам безгаспадарчасьці пры эксплёатацыі зьяўляецца фактычны стан міні-палігону «Старое Сяло», дзе захаваньне адходаў робіцца непасрэдна на пад'язных шляхох да працоўнай карты, прылеглая тэрыторыя ўся засьмечаная.

Разам з тым галоўны спэцыяліст адзначыла значную працу па добраўпарадкаваньні шэрагу міні-палігонаў, балянсаўтрымальнікам якіх ёсьць «Віцрайкамгас».

– Аднак ня робіцца элемэнтарнага: не праводзіцца тлумачальная работа на самым ніжэйшым узроўні. Павінны кансультавацца кіроўцы. Калі яны будуць несьці асабістую адказнасьць за тое, што не давезьлі сьмецьце да карты, а гэта часьцяком 10-20 мэтраў, іншым будзе непанадна.

Ірына Норкус прызнала, што пэўная работа сёлета была праведзеная па садаводчых таварыствах, якіх у раёне 162. Калі на пачатак году 30% былі ахопленыя схемамі абыходжаньня з адкідамі, то на бягучы момант толькі ў васьмі кааператываў яны адсутнічаюць. У астатніх заключаныя дамовыы з УП ЖКГ «Віцрайкамгас» і ГП «Спэцаўтабаза г. Віцебску».

Больш актыўнага ўдзелу па недапушчэньні ўтварэньня несанкцыянаваных звалак спэцыялісты райінспэкцыі хацелі б бачыць з боку сельвыканкамаў. Ірына Норкус нагадала, што ім неабходна распрацаваць пляны мерапрыемстваў па выяўленьні і ліквідацыі разьмяшчэньня адкідаў па-за санкцыянаванымі месцамі. Бо ў адпаведнасьці з арт. 44 Закону «Аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні ў Рэспубліцы Беларусь» выканкамы першаснага ўзроўню арганізуюць работы па выдаленьні камунальных адкідаў. Акрамя гэтага, зьяўляючыся землекарыстальнікамі, у адпаведнасьці з арт. 89 Кодэксу Рэспублікі Беларусь «Аб зямлі» павінны ажыцьцяўляць мерапрыемствы па ахове зямель, добраўпарадкоўваць і эфэктыўна іх выкарыстоўваць.

– Пакуль жа паўнамоцтвы сельскіх саветаў абмяжоўваюцца выдачай прадпісаньняў пра навядзеньне парадку на зямлі, – склала Ірына Норкус, пацьвердзіўшы гэта тым, што за мінулы пэрыяд 2016 году імі ня складзена ніводнага пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэньні паводле артыкулу 21.14 «Парушэньне правілаў добраўпарадкаваньня населеных пунктаў», улічваючы, што права на складаньне такіх пратаколаў сельвыканкамам дадзенае артыкулам 3.3 Працэсуальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

Кажучы пра кантроль за станам навакольнага асяродзьдзя, рацыянальнае выкарыстаньне прыродных рэсурсаў і забесьпячэньне бясьпечных умоў пражываньня людзей, галоўны спэцыяліст акцэнтавала ўвагу на выяўленых фактах маштабнага забруджваньня водных аб'ектаў на тэрыторыі раёну. Было адзначана, што па кожным накіраваныя матэрыялы ў суд Віцебскага раёну для прыняцьця рашэньня, у Віцебскі РАУС – для дачы прававой ацэнкі гэтых выпадкаў і прыняцьця рашэньня наконт узбуджэньня крымінальных спраў.

Найбольш распаўсюджаным парушэньнем, што выяўляюць спэцыялісты райінспэкцыі падчас правядзеньня праверак, зьяўляецца праца сельгаспрадпрыемстваў без дазволу на спэцыяльнае водакарыстаньне, чым парушаецца права дзяржуласнасьці на ваду, ухіленьне ад выкананьня абавязковых прадпісаньняў, адсутнасьць дакумэнтацыі бягучага ўлiку вады, прыбораў уліку на выпуску сьцёкавых вод і водазаборных збудаваньняў на аб'ектах УП ЖКГ «Віцрайкамгас», што вядзе да нерацыянальнага выкарыстаньня вады пітной якасьці і перавышэньня вызначаных дапушчальных лімітаў здабычы падземных прэсных вод.

Да 1 студзеня 2017 году старшынём райвыканкаму устаноўлены тэрмін на атрыманьне дазволу на спецводакарыстаньне ААТ «Рудакова» і «Аграпраца», а таксама калгасу «Альгоўскае». Кантроль за работамі, што праводзяцца, ускладзены на райінспэкцыі і ўпраўленьне сельскай гаспадаркі і харчаваньня.

На тэрыторыі Віцебскага раёна функцыянуюць 40 ачышчальных збудаваньняў, зь іх 19 – з выпускамі сьцёкавых вод у водныя аб'екты. Пры ўмове далейшай эксплёатацыі з наяўных рэканструкцыі патрабуюць разьмешчаныя ў Сушчаве, Астроўскіх, Буянах, Воласаве, Вымне, Шапураве, Белыновічах, Падбярезьзі, Заронаве, Сялютах, Задуброўі і Бабінічах.

– У гэтых населеных пунктах скід сьцёкавых вод робіцца без ачысткі, чым наносіцца шкода навакольнаму асяродзьдзю: забруджваецца глеба і паверхневыя вадаёмы. Да таго ж нездавальняючая праца ачышчальных збудаваньняў абумоўлівае вялікую колькасьць зваротаў грамадзян, – патлумачыла Ірына Норкус.

Дагэтуль ня вырашанае пытаньне прыёмкі на балянс УП ЖКГ «Віцрайкамгас» безгаспадарных ачышчальных збудаваньняў у Буянах, Бабінічах і Белыновічах.

– Безгаспадарнага ў нас на тэрыторыі раёну нічога быць не павінна, – патрабаваньне Генадзя Сабыніча.

Паводле слоў галоўнага спэцыяліста прыродаахоўнага ведамства, згодна з дадзенымі праведзенага аналізу дзейнасьці УП ЖКГ «Віцрайкамгас», толькі за 9 месяцаў бягучага году страты прэсных падземных вод пры транспарціроўцы склалі 54,5% ад агульнай колькасьці здабытых. Асноўны ўпор дзейнасьці гэтага прадпрыемства накіраваны на зьмяншэньне энэргазатрат (праведзеная замена 13 пагружных помпаў на менш магутныя і энэргазахавальныя).

– Аднак, – канстатавала Ірына Норкус, – не абсталяванымі прыборамі ўліку здабываных вод застаюцца каля 40% артэзіянскіх сьвідравін, улік вядзецца ўскосным мэтадам. За нерацыянальнае выкарыстаньне пітной вады і адсутнасьць уліку прадпрыемства ЖКГ прыцягнутае да адміністрацыйнай адказнасьці, сума штрафу склала 30 базавых велічынь.

Генадзь Сабыніч адвёў УП ЖКГ «Віцрайкамгас» і сельгасарганізацыям паўтара месяца на правядзеньне інвэнтарызацыі артэзіянскіх сьвідравін.

На пастаянным кантролі ў інспэкцыі знаходзяцца пытаньні выкананьня прыродаахоўнага заканадаўства пры эксплёатацыі унутрыгаспадарчых кар'ераў. У жніўні бягучага году райінспэкцыяй разам з пракуратурай Віцебскай вобласьці праведзеная іх праверка. Па выніках выяўленая толькі адзін недахоп (неабноўленая інфармацыя на паказальніку кар'еру, які належыць КФХ «Вармас»), які быў выпраўлены апэратыўна.

У цяперашні час на тэрыторыі раёну маюцца 2 праблемныя кар'еры.

– Захаваньне навакольнага асяродзьдзя, рацыянальнае выкарыстаньне прыродных рэсурсаў – галоўны кірунак экалягічнай палітыкі Рэспублікі Беларусь. Мы павінны ўсьведамляць тую важную ролю, якую адыгрывае рацыянальнае выкарыстаньне прыродных рэсурсаў, ахова навакольнага асяродзьдзя. Гэта зьяўляецца сродкам паляпшэньня ўмоў жыцьця насельніцтва, эканамічнага разьвіцьця рэгіёну, – сказаў на заканчэньне Генадзь Сабыніч, падкрэсьліўшы актуальнасьць разгляданага пытаньня.

P.S. «Маляўнічай» карцінай, паказанай на фота да гэтага артыкулу, жыхары вул. Садовая ў в. Падбярэзьзе любуюцца ўжо на працягу некалькіх тыдняў. І гэта, паводле іх слоў, хутчэй правіла, ніж выключэньне. Вяскоўцы распавядаюць, што не аднойчы зьвярталіся да камунальнікаў, якія і павінны спаражняць кантэйнеры, згодна з зацьверджаным графікам, але не заўсёды бываюць пачутымі. Зь ветрам сьмецьце разносіцца па акрузе. Перапоўненыя бакі зь іх зьмесьцівам прыцягваюць да пляцоўкі збору цьвёрдых бытавых адкідаў бадзяжных сабак, што не бясьпечна для мясцовых жыхароў. Яны прызнаюцца, што не паднялі б пытаньне, калі б гэтая камунальная праблема ўзьнікла ўпершыню, паколькі разумеюць, што спэцтэхніка ў УП ЖКГ «Віцрайкамгас» ня новая, таму ёй уласьціва выходзіць з ладу, але горы сьмецьця на Садовай ўзьнікаюць пэрыядычна. Спадзяюцца быць пачутымі праз «раёнку». Што адкажа на гэта прадпрыемства?

Тацяна Дзіканава, pridvinje.by