Нядзеля, 04 Снежань 2016

Пешы маршрут «Зялёная лінія» зьявіўся ў Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

«Менш СО2 – больш жыцьця» – такі дэвіз можна ўбачыць на постэрах экамаршруту, большая частка якога пралягае праз парк Перамогі, уздоўж вуліцы Калініна. Прагуляўшыся ў гэтым кірунку, кожны ахвочы пазнае нямала новага аб, ​​здавалася б, добра знаёмых нам гарадзкіх расьлінах. Гэтая магчымасьць зьявілася дзякуючы новаму праекту, прэзэнтацыя якога адбылася ў абласным цэнтры 24 лістапада.

Рэалізатарам праекту ў Віцебску стала НКА «Прастора», Цэнтар урбаністычных праектаў і ініцыятываў, далучыўшыся да руху «Клімат, застанься!». Асноўная мэта кампаніі – прыцягнуць увагу насельніцтва да праблемы кліматычных зьменаў і глябальнага пацяпленьня.

Кансультантам падчас стварэньня маршруту выступіў кандыдат біялягічных навук, дацэнт катэдры батанікі ВДУ імя Машэрава Леанард Мяржвінскі.

Яшчэ летам мы падрабязна вывучылі гэты кірунак, высьветлілі, якія там маюцца натуральныя, абарыгенныя для нашых шырот віды расьлін, а таксама інтрадуцэнты  (гэта значыць вырашчаныя ў грунце за межамі арэалу іх прыроднага распаўсюду. – заўвага аўт.), – растлумачыў Леанард Міхайлавіч . – Мы глядзелі, якія дрэвы і хмызьнякі сустракаюцца ўздоўж вуліцы Калініна, на беразе Заходняй Дзьвіны. Можна шмат цікавага распавесьці пра іх біялягічныя адметнасьці, мяркую, такія экскурсіі спадабаюцца і жыхарам гораду, і турыстам.

У межах гэтай ініцыятывы для гараджан падрыхтавалі 300 кішэнных міні-мапаў. Іх будуць раздаваць ахвочым партнэры праекту: Віцебская абласная навукова-тэхнічная бібліятэка, турфірма «Ілва», катэдра батанікі ВДУ імя Машэрава, антыкафэ «7 пакояў», арт-прастора VZAP, гарадзкі партал GorodViciebsk.by. Увесну 2017-га па ўсёй лініі маршруту будуць нанесеныя фірмовыя піктаграмы, а тэкст экскурсіі стане дасяжны для запампоўкі ў інтэрнэце. Гэта дазволіць людзям падчас шпацыру па абласным цэнтры бліжэй пазнаёміцца ​​са сваімі зялёнымі суседзямі, якія гэтак шмат робяць для ачышчэньня паветра.

Лілія Іўчанка, vitvesti.by