Аўторак, 08 Лістапад 2016

Камунальнікі Віцебску ператварылі дрэвы ў слупы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Барбарскае радыяльнае абразаньне здольныя перанесьці ня ўсе пароды дрэваў, але ў Віцебску яго ўжываюць нават да ліпаў. Чарговым разам вызначыліся супрацоўнікі камунальных службаў, ад рук якіх пацярпелі дрэвы на набярэжнай Дзьвіны паміж заапаркам і будынкам КДБ.

Пры топінгу абразаецца верхняя частка дрэва да ўзроўню ад 4 да 9 мэтраў над зямлёй, у выніку замест дрэва застаецца малапрывабны слуп. Звычайна гэты ўпадабаны мэтад камунальныя службы практыкуюць увесну, калі, з пачаткам руху соку, сьпячыя пупышкі на камлі могуць пачаць прарастаць ў новыя галіны.

Напрыклад, у красавіку 2011 году такое абразаньне правялі ўздоўж вуліцы Церашковай паміж Маскоўскім праспэктам і вуліцай Праўды. А ў красавіку 2007 году топінг таполяў ля сярэдняй школы №28, дзе кроны выдалілі ў некалькіх шэрагаў дрэваў, стварыў на вуліцы Праўды сапраўды фантасмагарычны ляндшафт.

Куртатыя слупкі, якія камунальнікі пакідаюць замест дрэваў з разгалістымі кронамі, зразумелая рэч, шакуюць мясцовых жыхароў. І выклікаюць зьдзіўленьне ў навукоўцаў, бо такое абразаньне ў нарматыўных дакумэнтах чамусьці прынята называць амаладжальным.

vitebsk.greenbelarus.info
Фота: Юры Шэпелеў