Справа аб выбуху ля будынку Віцебскага КДБ раскрытая?
Раскрытая крымінальная справа, заведзеная па факце хуліганскіх дзеяньняў з выкарыстаньнем самаробнага выбуховага прыстасаваньня ля адміністрацыйнага будынку ўпраўленьня КДБ Беларусі па Віцебскай вобласьці 11 лістапада. Пра гэта паведамілі 20 лютага на сумесным брыфінгу начальнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці Ўладзімер Шалухін і начальнік УУС Віцебскага аблвыканкаму Ігар Яўсееў. У зьдзяйсьненьні злачынства абвінавачваецца жанчына, раней судзімая за пашкоджаньне маёмасьці, хуліганства і крадзяжы.
Аляксандар Косінец абураны фактамі бесгаспадарчасьці
Старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец запатрабаваў ліквідаваць выяўленыя ў гаспадарках рэгіёну факты безгаспадарчасьці на працягу 48 гадзін. Пра гэта ён заявіў 12 лютага на каардынацыйнай нарадзе па барацьбе са злачыннасьцю і карупцыяй, прысьвечанай рэалізацыі патрабаваньняў Дырэктывы № 3 “Эканомія і ашчаднасьць - галоўныя чыньнікі эканамічнай бясьпекі дзяржавы” і ўказу “Аб абвяшчэньні 2013 году Годам ашчаднасьці”.
Апальнага віцебскага лекара працаўладкавалі
Лекар зь Віцебску Ігар Пастноў, які быў звольнены з ранейшай пасады пэдыятра па скарачэньні, як ён кажа — з-за крытыкі мясцовых уладаў, працаўладкаваўся псыхіятрам: «Пахадзіў я пахадзіў, спачатку прыйшоў зьдзеклівы адказ з абласнога ўпраўленьня аховы здароўя, маўляў, едзьце на раён, зьвярніце на біржу, мы дапаможам вам зь перасяленьнем. Я стаў на чаргу на біржы. Потым мне прыйшло прызначэньне лекарам-псыхіятарам у абласную больніцу. Сёньня першы дзень. Але гэта параноя ўлады. Мяне, лекара з 15-гадовым стажам лекара-пэдыятара, накіравалі працаваць па асноўнай маёй спэцыяльнасьці лекара-псыхіятара. У нас на ўчастках лекараў-пэдыятраў не хапае. А мяне не бяруць, кажуць — няма месцаў. Людзі па два ўчасткі вядуць, школы пустыя».
Беларусь ігнаруе рашэньні КПЧ ААН (відэа)
Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь адмаўляецца прызнаваць рашэньні Камітэту па правох чалавека Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў. Пра гэта было паведамлена віцебскаму праваабаронцу Паўлу Левінаву, які зьвяртаўся ў МЗС з просьбай інфармаваць яго пра тэрміны, у якія будзе выкананае рашэньне камітэту наконт яго зваротаў, прынятае на 105-й сэсіі камітэту ў ліпені 2012 году.
Віцебскі УКБ згубіў амаль паўмільярда на прыватным кантракце
Сьледчы камітэт распачаў новую крымінальную справу па будаўнічых справах КУП «УКБ Віцебскага аблвыканкаму». Крымінальная справа ўзбуджаная па матэрыялах Упраўленьня па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (УБЭП) УУС віцебскага аблвыканкаму. Дырэктару прыватнага будаўнічага прадпрыемства ТАА «Саната-Строй» інкрымінуецца зьдзяйсьненьне злачынства паводле ч.6 арт.16, ч.3 арт.426 Крымінальнага кодэксу Беларусі (пасобніцтва ў перавышэньні ўлады або службовых паўнамоцтваў). Гэты артыкул прадугледжвае пакараньне да 10 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.