Аўторак, 28 Кастрычнік 2014

Суд падтрымаў yлады, якія забаранілі сход у лазьні

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў паспрабаваў абскардзіць забарону на правядзеньне сходу за здаровы лад жыцьця ў лазьні. Аднак суд Чыгуначнага раёну Віцебску стаў на бок уладаў. Апошнія, згодна з рашэньнем суду, правільна забаранілі сустрэчу ў лазьні, бо арганізатар гэтай сустрэчы не прадставіў дамоваў на абслугоўваньне гэтага «масавага мерапрыемства», заключаныя з ЖКГ, міліцыяй і мэдыкамі. Павал Левінаў лічыць сытуацыю абсурднай.

У сваім блогу на сайце «За правы чалавека» ён піша:

Цяагм апошніх пяці гадоў не ўдавалася атрымаць дазволу віцебскіх уладаў на правядзеньне хоць якога-небудзь масавага мерапрыемства, нават аднахвіліннага пікету. То месца правядзеньня пазначу, ня вызначанае гэтымі ўладамі, то дамовы зь міліцыянтамі, дактарамі і дворнікамі не прыкладу...

Ужо і Камітэт ААН па правох чалавека зважаў на неправамернасьць дзеяньняў улады па забароне пікетаў, а ім усё хоць бы што.

І вось прыйшла думка праверыць ўладу на стан прытомнасьці. Праінфармаваў яе аб правядзеньні мірнага сходу ў... мужчынскім аддзяленьні грамадзкай лазьні. Мэтай сходу пазначыў прапаганду здаровага ладу жыцьця. Улада тэст на стан прытомнасьці не прайшла. Прапагандаваць здаровы лад жыцьця мне забаранілі, бо адсутнічалі тыя самыя славутыя дамовы.

Не зразумеўшы, навошта ў парыльні мне патрэбен міліцыянт у шапцы і зь пісталетам, доктар Айбаліт і дворнік зь венікам, абскардзіў забарону схадзіць зь сябрамі ў лазьню ў беларускі суд. А суд вырашыў, што ўлада правільна забараніла паход у лазьню з мэтай прапаганды здаровага ладу жыцьця праз адсутнасьць дамоваў.

Затое ў азначаную дату лазьню, зьмяняючы адзін аднаго, наведалі супрацоўнікі міліцыі – ад участковага інспэктара да начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі. Пасьля чаго пісалі рапарты пра тое, што наглядна знаёмы ім Левінаў П.І., якога яны могуць упэўнена апазнаць у твар, у мужчынскім аддзяленьні лазьні не зьяўляўся і якіх-небудзь сходаў ня ладзіў.

Вось цяпер думаю, ці не праінфармаваць уладу аб правядзеньні сходу ў адной з грамадзкіх прыбіральняў гораду...