Субота, 18 Красавік 2026

Нацыянальныя традыцыі зноў падмянілі ідэалагічнымі ўстаноўкамі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Віцебску правялі абласны форум моладзевых саветаў пад назвай “Роднае маё”. Заяўленая мэта імпрэзы -захаванне нацыянальнай гістарычнай спадчыны і традыцыйных духоўных каштоўнасцяў. Аднак вялося на мерапрыемстве пра прасоўванне каштоўнасцяў не традыцыйных, а ідэалагічных. А пра захаванне гістарычнай спадчыны гаварылі хіба толькі ў кантэксце гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Моладзевыя саветы – гэта структуры, якія  пачалі актыўна ствараць у 2024-25 гадах пры мясцовых і рэспубліканскіх органах улады. Іх афіцыйная мэта – прасоўванне і падтрымка ініцыятыў, накіраваных на маладых людзей. Так, паводле старшыні Віцебскага аблсавета Дзмітрыя Дзямідава, абласны форум – гэта працяг дзейнасці  моладзевых саветаў, перад якімі стаіць найважнейшая сення задача: “через язык, историю и совместный труд укрепить связь молодого поколения с малой родиной”.

“Языком” правядзення мерапрыемства была, канешне ж, руская мова. Праўда, прадстаўніца Наваполацкага моладзевага савета пахвалілася, што па пятніцах “стараецца размаўляць па-беларуску, слухаць айчынных выканаўцаў” і тым, што на форум яна прыехала ў гарнітуры, пашытым на віцебскай фабрыцы “Камінтэрн”.

У астатнім размовы пра патрыятызм зводзіліся да ўшанавання памяці загінулых у Вялікай Айчыннай вайне, і ў праграме адмысловым пунктам было ўскладанне кветак да мемарыялу на месцы канцлагера “5-ты полк”.

Арына Каваленка