Пятніца, 16 Май 2025

Ксёндз Анджэй Юхневіч, асуджаны да 13 гадоў калоніі, абскарджвае вырак

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Суд звінаваціў пробашча санктуарыя Маці Божай Фацімскай у Шуміліне ў злачынствах супраць сэксуальнай недатыкальнасці непаўнагадовых.Падчас працэсу святар не прызнаваў свае віны і імкнуўся яе аспрэчыць. Цяпер, як стала вядома выданню katolik.life, ксёндз падаў апеляцыйную скаргу ў Віцебскі абласны суд.

Судовы працэс, які праходзіў у Шумілінскім  райсудзе, адбываўся ў закрытым рэжыме. Таму пра сутнасці абвінавачанняў, высунутых супраць Анджэя Юхневіча, нічога не вядома.  Адзіная інфармацыя ад вернікаў - пра тое, што у справе святара гаворка ідзе пра падзеі больш як  10-гадовай даўніны. Людзі лічаць, што справа збудаваная на сумніўных паказаннях.

Анджэя Юхневіча  затрымалі 8 траўня мінулага года разам з другім шумілінскім ксяндзом, Паўлам Лемехам.  Затрыманне ксяндзоў  адбылося ў Шуміліне пасля сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў у шумілінскім санктуарыі Маці Божай Фацімскай, абодвух спачатку асудзілі па адміністрацыйным артыкуле за “пікетаванне ў сацсетках”. Адбыўшы прысуджаны арышт, ксёндз Павел Лемех выйшаў на волю. Ксяндза Анджэя Юхневіча судзілі па адміністрацыйных артыкулах яшчэ двойчы.

Судовы працэс над Анджэем Юхневічам працягваўся каля 4 месяцаў - са снежня мінулага года.Паводле  інфармацыі з дасяжнага на той час расклада судовых пасяджэнняў, крымінальную справу супраць святара распачалі  за распусныя дзеянні ( ч.2 арт. 169 КК), гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару ( ч.2 арт.167 КК), дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту (ч.2 арт.168 КК). 

Ларыса Горына