Субота, 14 Чэрвень 2025

Яшчэ трое жыхароў Віцебшчыны - у “экстрэмісцкім” спісе на сайце МУС

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У абноўлены 13 чэрвеня пералік асобаў, “датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, уключылі аршанца Андрэя Чарнамордзіка і ўраджэнцаў Наваполацка Аляксея Прасвета і Арцема Васільева. Усіх трох звінавацілі па розных артыкулах Крымінальнага Кодэкса, і ўсім траім прызначаны розныя пакаранні.

Найверагодней, да “хатняй хіміі” асуджаны Андрэй Чарнамордзік. Яго справу разбіраў Віцебскі абласны суд, мужчыну прызналі вінаватым у “фінансаванні экстрэмісцкай арганізацыі” ( арт. 361-2 КК РБ).

Да рэальнага тэрміну зняволення асуджаны навапалачанін Аляксей Прасвет - у “экстрэмісцкім пераліку” згадана, што ен “адбывае пакаранне”. Гарадскі суд Наваполацка прызнаў яго вінаватым за публічную абразу Аляксандра Лукашэнкі ( ч.1 арт. 368 КК РБ).

Гісторыю ўраджэнца  Наваполацка Арцёма Васільева, асуджанага за ўдзел у пратэстах (ч.1 арт.342 КК РБ) і за ўхіленне ад службы ў войску ( ч.1 арт. 435 КК РБ), падрабязна расказала  газета “Наша Ніва”. Хлопей вучыўся ў Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. У 2022 годзе, пасля пачатку вайны, Арцём выехаў за мяжу і падаўся на ўцякацтва ў Нідэрландах. Але  праз некалькі месяцаў ён вырашыў вярнуцца ў Беларусь. У верасні 2022 года хлопец зняўся ў прапагандысцкім сюжэце журналісткі БТ Ксеніі Лебедзевай, дзе распавядаў, што ў Еўропе прывіваюць “няправільныя” каштоўнасці, а ў Беларусі ёсць усе магчымасці для самаразвіцця, працы  і гэтак далей.  

”Мяркуючы па ўсім, Арцём праз нейкі час выехаў у Расію — новая старонка Укантакце ў яго прывязаная да расійскага нумара. Васільева затрымалі паміж лістападам 2024-га і красавіком 2025 гадоў. У той час яго выключылі з расійскай базы вышуку”, -- піша   “Наша ніва”. Нягледзячы на тое, што хлопец публічна пакаяўся ў тым, што з’ехаў, і пахваліў жыццё ў Беларусі, ён быў асуджаны да пазбаўлення або да абмежавання волі. На сайце МУС гаворыцца, што ён “адбывае пакаранне”.

Юлія Савіцкая