23 студзеня старшыня Віцебскага гарвыканкама Аляксей Героеў заявіў, што ўжо «актыўна» вядзецца работа па зносе карпусоў завода «Віцязь» - былога флагмана па выпуску вядомых у СССР каляровых тэлевізараў. Перапрафіляваць вытварчасць так і не змаглі, і цяпер зносяць. Але апрача расплывістых абяцанняў спадар Героеў нічога больш канкрэтнага не паведаміў: «Заявленный инвесторами проект будущего аквапарка очень дорогостоящий. Кроме самого развлекательного заведения на его территории появятся тренажерный зал и гостиничный комплекс. Предварительные сроки реализации проекта при эффективной работе и необходимом финансировании — около двух лет. Со своей стороны руководство города выстраивает конструктивные отношения с инвесторами. Все вопросы, с которыми к нам обращаются представители частной компании, решаются оперативно».
Здзіўленыя віцябляне выказваюць у гарадскіх пабліках супярэчлівыя меркванні - ад «Нарэшце!» да «Ці будзе бяспечным аквапарк у пераробленых заводскіх карпусах?». Звяртаюць увагу і на крыху дзіўнае суседства: паводле старшыні аблвыканкама, аквапарк размесціцца ў непасрэднай блізкасці ад найноўшага ідэалагічнага аб'екта, які таксама знаходзіцца ў стадыі будаўніцтва – калі будучай Плошчы герба і сцяга.
Прыгадваюць гараджане і «гісторыю» аквапарка, дакладней, гісторыю абяцанняў, якая цягнецца з 2014 года. Тады ў абласным цэнтры абяцалі збудаваць аквапарк і нават цэлы Палац водных відаў спорта. У 2020-м годзе аквапарк збіраліся будаваць у раёне вуліцы Труда, у 2024-м – загаварылі пра аквапарк у парку 1000-годдзя Віцебска. Яшчэ летась у лістападзе кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёна Яўген Сямёнычаў гаварыў пра таямнічых інвестараў, якія выкупілі два карпусы былога тэлезавода і нібыта ў перспектыве збіраюцца выкупіць трэці. Сёлетнія абяцанні старшыні гарвыканкама яснасці не прыбавілі, асабліва яго выраз пра тое, што «змены ўжо будуць заўважаны ў наступным годзе».
Да словаў Аляксея Героева жыхары Віцебска ставяцца з недаверам яшчэ і таму, што на іх вачах ужо таксама не адно дзесяцігоддзе спрабуюць узвесці яшчэ адзін аб'ект, па іроніі лёсу таксама звязаны з воднымі працэдурамі – лазнева-аздараўленчы комплекс па вуліцы Воінаў-інтэрнацыяналістаў. У лістападзе мінулага года старшыня гарвыканкама ўзяў над ім «шэфства», але да адкрыцця яшчэ далёка.
Віктар Баландзін