Пятніца, 17 Студзень 2025

Уладзімір Пярцоў выступіў паред моладдзю «з пратэстным патэнцыялам»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта правёў сустрэчу ў ВДТУ. Падчас размовы са студэнтамі і выкладчыкамі «тэхналожкі» ён гаварыў пра неабходнасць працы з моладдзю напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, бо моладзь мае «пратэстны патэнцыял». І калі маладых людзей належным чынам ідэалагічна не «апрацаваць», то гэта, маўляў, зробяць апаненты ўлады.

На фоне афіцыйных сцвярджэнняў пра тое, што за Аляксандра Лукашэнку на будучых выбарах гатовыя прагаласаваць 82,5% беларусаў, рыторыка спадара Пярцова гучала крыху супярэчліва. Ён сцвярджаў, што небяспека «каляровых рэвалюцый» у Беларусі па-ранейшаму існуе і прыгадваў падзеі 2020 года, калі «нас цветная революция не прошла благодаря мудрости и сильной политической воле президента Александра Лукашенко и единству белорусского народа». Гэтае уяўнае «адзінства», паводле Пярцова, і зараз «необходимо сохранить во время президентских выборов».

Паводле намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта, цяперашняя моладзь «уже достаточно вовлечена в общественно-политическую повестку дня, чтобы могла проявлять ответственность, гражданскую сознательность». Ён упэўнены, што «молодые люди в состоянии выбирать источники информации, которым можно и нужно доверять, а именно – государственные СМИ». Але, падобна, Уладзімір Пярцоў да канца не верыць ва ўласныя словы, бо падчас сустрэчы ўсё адно скардзіўся на тое, што нейкія ворагі «через соцсети, Telegram-каналы сформируют мировоззрение, которое будет далеко не патриотичным и далеко не в интересах нашего государства».

Уладзімір Бугроў