Стаўка збору - памер адной базавай велічыні. Зборам абкладаецца адзін транспартны сродак незалежна ад колькасці пасажыраў, якія ў ім перавозяцца.
Некаторыя катэгорыі асобаў ад збору вызваляюцца. Паводле адпаведнага рашэння Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, гэта прадстаўнікі дзяржорганаў Беларусі, якія перасякаюць дзяржграніцу для выканання службовых абавязкаў, іншаземцы, якія прыбылі ў Беларусь па запрашэнні дзяржорганаў, дзяржарганізацый, удзельнікі "Славянскага базару", ветэраны вайны іншых дзяржаў, а таксама асобы, якія суправаджаюць інвалідаў баявых дзеянняў, у шэрагу выпадкаў людзі з парушэннямі фізічнай актыўнасці, пацыенты, якія выязджаюць з Беларусі для або пасля атрымання медыцынскай дапамогі і маюць адпаведныя дакументы, іншаземцы, якія аздаравіліся ў беларускіх санаторыях, дэпартаваныя асобы.
У спісе таксама грамадзяне Беларусі, якія выязджаюць для догляду за цяжка хворымі членамі сям'і ці блізкімі сваякамі, або вяртаюцца ў краіну пасля выканання гэтых мэтаў, выязджаюць з краіны пасля пахавання членаў сям'і або блізкіх сваякоў, і людзі, якія перавозяць гемапаэтычныя ствалавыя клеткі, органы і тканіны для трансплантацыі.
З 1 лютага гэтага года памежны збор уводзіцца і ў Брэсцкай вобласці. Згодна з адпаведным рашэннем Брэсцкага аблвыканкама, пералік асобаў, вызваленых ад транспартнага збору на мяжы, збольшага падобны. Грашовы памер збору той самы.
Збор за перасячэнне мяжы Беларусі для транспартных сродкаў з масай не большай за 5 тонаў і ў незалежнасці ад колькасці пасажыраў быў уведзены 1 жніўня 2021 года як дадатковая мера барацьбы з каронавіруснай інфекцыяй. З таго часу дзеянне збору ўвесь час падаўжалі.
Напрыканцы снежня 2024 года Гродненскі і Брэсцкі аблвыканкамы заяўлялі пра часовую адмену спагнання мясцовага збору за перасячэнне мяжы Беларусі з Еўразвязам. Кіраўніцтва Віцебскай вобласці пры прыпыненне спагнання збору асобна не паведамляла.
Ларыса Гарэлава