Серада, 19 Чэрвень 2024

Пра 100-годдзе Васіля Быкава ў Віцебску – мінімум інфармацыі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Народны пісьменнік Васіль Быкаў Народны пісьменнік Васіль Быкаў

Народны пісьменнік нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Бычкі Вушацкага раёна. І толькі там, у аддаленай вёсачцы, дзе засталося усяго з дзясятак жыхароў, да 100-гадовага юбілея Васіля Быкава ладзіцца святочная імпрэза. У Бычках ёсць музей Васіля Быкава, які ў дзень ягоных народзінаў  заўсёды прымае вялікую колькасць гасцей.

У Віцебску ж значнай  даты   практычна не заўважылі. І гэта невыпадкова: Васіль Быкаў быў сябрам Беларускага Народнага Фронту і апанентам дзейных уладаў. Пісьменніка, чый голас з Беларусі прагучаў на ўвесь свет праз ягоныя творы пра Вялікую Айчынную вайну, не ўшанавалі належным чынам нават цяпер, калі тая вайна стала галоўным ідэалагічным апірышчам у выхаванні патрыятызму.

Кароткі нарыс пра  жыццёвы і творчы шлях Васіля Быкава выйшаў у гарадской газеце "Витьбичи". Абвестка пра святкаванне на самым мінімальным узроўні 100-гадовага юбілея славутага земляка надрукавана  ў абласной газеце "Витебские вести". І гэта хіба што ўсё, чым наважыліся згадаць віцебскія ўлады імя сусветна вядомага літаратара. Гэтым часам дзяржаўныя СМІ падрабязна асвятляюць падрыхтоўку да ХІ Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі, а ўстановы культуры актыўна прапагандуюць перадусім творчасць чальцоў прадзяржаўных творчых суполак.

Нягледзячы на шматлікія прапановы грамадскасці, у абласным цэнтры няма ні помніка Васілю Быкаву, ні вуліцы, названай у ягоную памяць. Адзінае месца, дзе можна ўскласці кветкі да ўгодкаў пісьменніка – гэта мемарыяльная дошка на сцяне дзіцячай мастацкай школы. Яна ўсталяваная з нагоды таго, што ў гжтым будынку мясцілася мастацкая вучэльня, дзе адзін год вучыўся Васіль Быкаў.

Яўген Гаўрусёў