Паводле старшага майстар ДРБУ-145 Ігара Пракапёнка, яны заасфальтавалі ўчастак дарогі Мярэцкія-Пятроўскія працягласцю паўкіламетра. На гэты рамонт пайшло 496 тон асфальту на суму 129 тысяч беларускіх рублёў. Таксама паклалі 1 800 тон асфальту на суму 481 тысячу рублёў на ўчастку дарогі Зябкі-Ушачы, ад павароту з трасы Глыбокае-Полацак праз Зябкі за чыгуначны шлях у бок Ушач працягласцю 4 кіламетры.
У траўні рабілі рамонт дарогі Глыбокае-Верхняе-Запаснікі. Заасфальтавалі 1,71 кіламетра дарогі праз вёску Гірстуны. Кошт работ склаў 132 тысячы беларускіх рублёў. На кладку зрасходавалі 1015 тон асфальту.
- У чэрвені гэтага года працы тут будуць працягнутыя: мы заасфальтуем дарогу і праз вёску Новыя Шарабаі. З улікам рамонту дарогі праз Шунеўцы, які рабілі летась, будзе заасфальтавана больш за тры кіламетры, – кажа Ігар Пракапёнак.
З сярэдзіны мая брыгада дарожных будаўнікоў ДРБУ-145 асфальтуе ўчастак дарогі Глыбокае-Круляўшчызна-Докшыцы працягласцю 2 кіламетры. На аб'екце працуюць два каткі, адзін асфальтаўкладчык, вадавозка і два МАЗА.
На 15 траўня, паводле Ігара Пракапёнка, на гэтым участку ўжо выкладзена 820 тон асфальту з запланаваных 1 тысячы 200 тон. Асвоена 196 тысяч рублёў. Да канца гэтага тыдня рамонтныя работы глыбоцкія ўлады абяцаюць завершыць.
Падсумоўваючы, сёлета на Глыбоччыне заасфальтавалі ўсяго крыху больш за 7 кіламетраў дарог. Па ўчастках гэтых дарог аўтааматарам можна будзе ездзіць без праблем, а вось па астатніх – невядома. Да прыкладу, так выглядае дарога паміж вядомай вёскай Мосар у Глыбоцкім раёне і Луцк-Масарскім (фота вышэй). Дарэчы, у вёску Мосар часта наведваюцца турысты, бо там знаходзіцца вядомы касцёл Святой Ганны ў стылі класіцызму з карыснымі крыніцамі і алеяй цвярозасці.
Але, пэўна, глыбоцкія ўлады вырашылі, што галоўнае, каб да Мосара змаглі даехаць турысты па больш-менш нядрэннай дарогі, а далей яе рамантаваць неабавязкова. А мясцовым, на думку чыноўнікаў, відаць, і так сыдзе.
Ренат Хасанлаеў