Паводле рашэння Браслаўскага райвыканкама ад 7 сакавіка 2024 года №288, штогадовы агляд-конкурс на званне «Лепшая добраахвотная дружына» і «Лепшы дружыннік» праводзіцца ў мэтах прапаганды дзейнасці добраахвотных дружын і актывізацыі працы па прыцягненні грамадскасці да ўдзелу ў ахове грамадскага парадку на тэрыторыі Браслаўскага раёна.
Браслаўскія ўлады збіраюцца выяўляць лепшыя дружыны і дружыннікаў, якія забяспечваюць падчас рэйдаў, дзяжурстваў высокую рэзультатыўнасць па папярэджанні правапарушэнняў і затрыманні правапарушальнікаў.
Таксама рашэннем прадугледжана выяўленне найбольш падрыхтаваных членаў добраахвотных дружын і стварэння з іх ліку рэзерву для службы ў органах унутраных спраў. Дзеля гэтага будзе выдзеленая матэрыяльна-фінансавая падтрымка, яна будзе накіраваная і на абагульненне, распаўсюд вопыту работы лепшых добраахвотных дружын.
Такім чынам улады збіраюцца фармаваць пазітыўнае ўспрыманне членаў гэтых дружын з боку насельніцтва Браслаўскага раёна.
Браслаўскія ўлады спадзяюцца на зніжэнне крымінальнай абстаноўкі ў Браслаўскім раёне, удасканаленне работы па духоўна-маральным і прававым выхаванні грамадзян.
У конкурсе на тэрыторыі Браслаўскага раёна будуць прымаць удзел добраахвотныя дружыны, створаныя і зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку райвыканкамам. Працу па падрыхтоўцы і правядзенні агляду-конкурсу будуць весці раённы штаб, сельскія выканаўчыя камітэты, аддзел унутраных спраў райвыканкама.
Для ўдзелу ў аглядзе-конкурсе добраахвотныя дружыны да 10 студзеня года, наступнага за справаздачным, павінны прадставіць у раённы штаб наступныя дакументы:
дакументы аб выніках сваёй дзейнасці за год з указаннем кандыдата на званне "Лепшы дружыннік";
спіс дружыннікаў з указаннем часу заснавання добраахвотнай дружыны,
колькасць дружыннікаў, прозвішча, імя і імя па бацьку камандзіра дружыны.
Аддзел унутраных спраў райвыканкама прадстаўляе да 10 студзеня года, наступнага за справаздачным, у раённы штаб свае справаздачы аб эфектыўнасці працы добраахвотных дружын у забеспячэнні правапарадку па выніках працы за год, у тым ліку колькасці выхадаў членаў добраахвотных дружын на ахову правапарадку, удзелу ў складанні адміністрацыйных пратаколаў і раскрыцці злачынстваў.
Правядзенне пасяджэння раённага штаба, вызначэнне пераможцаў па выніках работы за год, прадастаўленне дакументаў на разгляд райвыканкама ажыццяўляецца да 10 лютага года, наступнага за справаздачным.
Вынікі агляду-конкурсу будуць вызначацца сумай балаў па наступных паказчыках:
колькасць выхадаў на дзяжурствы членаў добраахвотных дружын;
колькасць злачынстваў, раскрытых з удзелам дружыннікаў;
колькасць адміністрацыйных пратаколаў па фактах правапарушэнняў, складзеных з удзелам дружыннікаў;
адпаведнасць іх дзейнасці заканадаўству;
аказанне практычнай дапамогі органам унутраных спраў у прафілактычнай рабоце, якую яны праводзяць.
Узнагароджваць пераможцаў агляду-конкурсу Браслаўскі райвыканкам будзе ажыццяўляць наступным чынам:
пераможца агляду-конкурсу на званне "Лепшая добраахвотная дружына" будзе ўзнагароджаная дыпломам райвыканкама і грашовай прэміяй памерам 15 базавых.велічынь, якая накіроўваецца для прэміравання членаў дружыны ў залежнасці ад асабістага ўкладу кожнага;
пераможца агляду-конкурсу на званне "Лепшы дружыннік" будзе ўзнагароджаны дыпломам райвыканкама і грашовай прэміяй памерам 2 базавыя велічыні.
Узнагароджанне пераможцаў агляду-конкурсу будзе праводзіцца штогод у рамках святкавання дня міліцыі старшынём або намеснікам старшыні райвыканкама, які курыруе пытанні аховы грамадскага парадку.
Фінансаванне расходаў, звязаных з выплатай грашовых прэмій, вырабам дыпломаў райвыканкама, набыццём букетаў кветак, будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў раённага бюджэту.
Зміцер Жураў