Аўторак, 23 Красавік 2024

Сайт Віцебскага гарвыканкама пачаў адкрывацца за межамі краіны

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

На тое, што сайт Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта быў недаступны з-за мяжы на дату 17.03.2024 года была пададзена грамадская петыцыя №5799. Складальнікі і падпісанты звароту прасілі ў чыноўнікаў зняць гэтую праблему. У сярэдзіне красавіка доступ да сайта быў адноўлены.

У петыцыі было адзначана, што адсутнасць магчымасці карыстацца афіцыйнай інфармацыяй стварае значны бар'ер для многіх грамадзянаў Беларусі, якія пражываюць за мяжой. Тым, хто знаходзіцца па-за межамі краіны ў турыстычнай паездцы ці службовай камандзіроўцы, цяжка даведацца, што адбываецца ў Віцебску.

Акрамя таго, адкрытасць сайта дазваляе патэнцыйным турыстам убачыць Віцебск і прыняць рашэнне аб паездцы. Таксама ў Віцебскую вобласць, а асабліва ў абласны цэнтр, перыядычна прыязджаюць дэлегацыі з краін СНД, якім важна атрымаць уяўленне аб дзелавым клімаце і месцах магчымага баўлення вольнага часу падчас іх знаходжання ў рэгіёне.

На калектыўны зварот грамадзян 2-га красавіка адказала кіраўнічая справамі Вітгарвыканкама Вольга Урбан, якая паведаміла гарадскім актывістам аб тым, што на дату звароту на сайце выканкама вялася яго комплексная мадэрнізацыя і як толькі яна будзе завершана, доступ да сайта будзе адноўлены для асоб, якія знаходзяцца і замяжой.

І па факце Вольга Андрэеўна абяцанне сваё выканала.

Дзмітрый Усовіч