Серада, 24 Красавік 2024

У Оршы адкрылі «міліцэйскі» вайскова-патрыятычны клуб

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Клуб «Зубр» створаны ў  сярэдняй школе №9 пры падтрымцы ўпраўлення ўнутраных спраў Аршанскага райвыканкама. У адкрыцці клуба узяў асабісты ўдзел  міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў. Зрэшты, у Оршу ён прыехаў не толькі для гэтага: яму прадэманстравалі абноўлены будынак Аршанскага РУУС, на  якім адкрылі мемарыяльную шыльду ў памяць пра былога начальніка райаддзела Сяргея Барвянкова – 49-гадовы міліцыянт раптоўна памёр на працоўным месцы сёлета 4 лютага.

Як паведамляе «Аршанская газета», рамонт у будынку РУУС і вайскова-патрыятычны клуб з акцэнтам на спецыфіку міліцэйскай службы, «былі марай» палкоўніка Сяргея Барвянкова, які збіраўся запрасіць на адкрыццё ганаровых гасцей і зрабіць гэта ва ўрачыстай абстаноўцы. Так і адбылося. З нагоды капітальнага рамонта будынка Іван Кубракоў падарыў Аршанскаму ўпраўленю ўнутраных спраў новы аўтамабіль: ключы ад яго былі ўручаны цяперашняму кіраўніку аршанскай міліцыі Дзмітрыю Барадаўку.

Што да новага вайскова-патрыятычнага клуба, то яго ўдзельнікаў і удзельніц (21 чалавек з 6, 8 і 9 класаў) апранулі ў форму, якая «толькі ў нюанках» адрозніваецца ў мілтцэйскай. Таксама, паводле інфармацыі сайта SB.BY , падлеткам уручылі пасведчанні і адмысловы сцяг - «да гэтай цырымоніі вучні рыхтаваліся з самага пачатку навучальнага года». Віншавалі школьнікаў Міністр МУС Іван Кубракоў, яго намеснік Дзмітрый Карзюк, старшыня Віцебскага аблсавета Дзмітрый Дзямідаў, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў. Бадай што ніводзін вайскова-патрыятычны не адкрывалі з удзелам пасадовых асобаў такога рангу. Іван Кубракоў падчас свайго выступу адзначыў, што многія ўдзельнікі «мараць стаць супрацоўнікамі ўнутраных органаў».

У сярэдняй школе №9 створаны атрад аховы правапарадку, дзейнічае «агітбрыгада юных сяброў міліцыі», мінулай восенню адміністрацыя заключыла дамову наконт шэфства з Аршанскім упраўленнем унутраных спраў.

Падобна, што якраз да візата ў Оршу прадстаўнікоў Міністэрства ўнутраных справаў распачаліся працы па стварэнні мурала ў памяць пра загінулага ў 1979г. участковага міліцыянта Юрыя Бабкова. Выява мае з'явіцца на адным з дамоў па праспекце Тэкстыльшчыкаў -- непадалёк ад СШ№9

 

Яўген Радзіеўскі