Панядзелак, 11 Сакавік 2024

У Шаркаўшчыне пракурор і той, на каго ён падаў пазоў, ездзяць разам па раёне з мэтай прапаганды

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Як піша сайт шаркаўшчынскай раёнкі “Кліч Радзімы”, у ААТ»Жвіранка» прайшоў так званы Адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Інфармацыйна-прапагандысцкая група складалася з пракурора Шаркаўшчынскага раёна Максіма Лаўданскага, намесніцы начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Ганны Мілевіч і старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандра Герната.

Прыехалі яны туды пашыраць веды насельніцтва пра палітычныя і сацыяльна-эканамічныя падзеі ў краіне.

Максім Лаўданскі пачаў свой выступ, як і большасць пракурораў Беларусі падчас такіх паездак, пра генацыд беларускага народа. Гэтая тэма ў Беларусі неактуальная для большасці яе жыхароў, бо створаная штучна яе ўладамі. А вось пра тое, што б сапраўды зацікавіла шаркаўчан і выклікала б шыраг пытанняў, ён не падзяліўся з прысутнымі.

Як паведаміў тэлеграм-канал “Віцебск я гуляю”, шаркаўшчынскі пракурор Максім Лаўданскі не так даўно падаў пазоў у дачыненні да мясцовага прафсаюзнага лідара (на фота яны сядзяць якраз за адным сталом).

Такім чынам ён адстойвае інтарэсы калгаса "Буеўшчына". Адказчыкам з'яўляецца намеснік дырэктара гэтага калгаса, а па сумяшчальніцтве і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Шаркаўшчынскага раёна Аляксандр Гернат.

Пракурор настойвае на пакрыцці маёмаснай шкоды, прычыненай Гернатам пры выкананні службовых абавязкаў. Што менавіта здзейсніў прафсаюзны лідар, пакуль невядома. Але гэта не перашкаджае яму разам з тым жа пракурорам ездзіць з мэтай прапаганды па калектывах раёна. Дзіўная рэч адбываецца. Просты калгаснік, калі б нанёс нейкую маёмасную шкоду, ужо даўна б сядзеў за кратамі, а гэты гастралюе па раёне разам з яго абвінаваўцам і займаецца прапагандай.

Падчас так званага Адзінага дня інфармавання насельніцтва ў ААТ»Жвіранка» Аляксандр Гернат нагадаў прысутным, што з 1 студзеня 2024 года ўступілі ў сілу змяненні ў працоўным заканадаўстве Беларусі, якія тычацца ў прыватнасці аплаты працы, гарантыях пры дыспансерызацыі, працоўных і сацыяльных адпачынкаў. А мо гэтыя змяненні і на яго справу неяк паўплывалі, раз ён на свабодзе?

На прапагандысцкай сустрэчы ў ААТ»Жвіранка» выступіла і намесніца начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Ганна Мілевіч. Яна нагадала прысутным, што сёлетні год у краіне афіцыйна аб’яўлены Годам якасці, а  значыць, паводле чыноўніцы, любую работу ў любой сферы дзейнасці трэба выконваць якасна, старанна, каб не было нараканняў з боку грамадзян.

“У Год якасці гаворка ідзе не толькі аб выпуску якаснай прадукцыі і аказання якасных паслуг. Гэта і якасны падбор і расстаноўка кадраў, іх якасная работа. Як падкрэсліў Лукашэнка, пачынаць трэба з сябе: своечасова прыйсці на працу, выконваць яе якасна”, - зазначыла Ганна Мілевіч.

У канцы гутаркі члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы адказалі на пытанні прысутных, піша сайт мясцовай раёнкі “Кліч Радзімы”. Але што гэта былі за пытанні, агучана не было. Відаць, было шмат праблемных.

Кірыл Раманаў