Па звестках супольнасці «BELPOL», Дуброўскі ехаў п’яным з полацкай рэстарацыі «Гранд Пад», не справіўся з кіраваннем і ледзь не ўрэзаўся ў прыдарожную агароджу. На месца прыбыў нарад Дзяржаўнай аўтаінспекцыі, але Дуброўскі не падпарадкоўваўся сілавікам і адмовіўся сядаць у іхную машыну, а падчас спрэчкі парваў кашулю супрацоўніку ДАІ. У выніку яго затрымалі і даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання.
«BELPOL» адзначаў, што за «Гвалт або пагрозу гвалтам адносна супрацоўніка органаў унутраных справаў» звычайнага чалавека пераследавалі б паводле арт. 364 КК РБ і маглі пакараць зняволеннем на тэрмін да 7 гадоў. Гэты артыкул неаднаразова ўжывалі супраць палітвязняў – нават за спробу вырвацца з рук сілавікоў або «людзей у цывільным». Аднак Дуброўскага адпусцілі, бо дэпутаты не падлягаюць затрыманню без адмысловага распараджэння, а праз колькі дзён асудзілі паводле двух адміністрацыйных артыкулаў. Яго прызналі вінаватым паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі) і ч.2 арт. 18.15 (кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане). Былога міліцэйскага кіраўніка суд аштрафаваў на 200 базавых велічынь (7400 рублёў) і пазбавіў права 5 гадоў займаць пасады, звязаныя з кіраваннем транспартам.
У Наваполацку казалі, што Дуброўскі спрабаваў выкарыстаць асабістыя сувязі, каб «замяць» скандал, але пракуратура вырашыла, што пакаралі былога начальніка наваполацкай міліцыі неадпаведна.
У снежні мінулага года справу Дуброўскага пачаў разбіраць Расонскі раённы суд. Разбор працягваўся амаль месяц: толькі 16 студзеня суддзя Расонскага райсуда Алена Ялавая прысудзіла былому начальніку Наваполацкага ГАУС два з паловай гады «хіміі». Гэтым разам у абвінавачванні фігураваў крымінальны артыкул ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (супраціў супрацоўніку міліцыі, спалучаны з ужываннем гвалту).
Марыя Румянцава
Панядзелак, 04 Сакавік 2024
Як газета «Полацкі веснік» расказала гісторыю пра асуджанага да «хіміі» былога начальніка наваполацкай міліцыі
Аповед не ўтрымлівае ні згадак пры былую пасаду і былы дэпутацкі статус асуджанага, ні ягонага імя і прозвішча. Пра інцыдэнт распавядаецца, сцісла: маўляў, нейкі «жыхар Полацка атрымаў тэрмін за супраціўленне супрацоўніку ДАІ». Але тыя, хто сачыў за інцыдэнтам з удзелам былога дэпутата Наваполацкага гарсавета, які на падпітку не справіўся з кіпаваннем уласным аўто, а потым пабіўся з «даішнікам», адразу пазналі ў гэтай асобе Уладзіміра Дуброўскага – чалавека, які ў 2020 годзе асабіста аддаў каманду на гвалтоўнае задушэнне пратэстаў у Наваполацку.