У ліку тых, каго першымі накіравалі, як тады фармулявалася, на «выкананне інтэрнацыянальнага абавязку», былі вайскоўцы віцебскай 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі і лётчыкі 339-га палка ваенна-транспартнай авіяцыі, якая знаходзілася на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Падчас баявых дзеянняў у Афганістане загінулі 160 ураджэнцаў Віцебшчыны, і ў пазнейшы час больш як 1300 жыхароў вобласці памерлі ад наступстваў – ад ран і хваробаў, каля 150-ці чалавек на сённяшні дзень зʼяўляюцца інвалідамі з прычыны ўдзелу ў Афганскай вайне.
І тым не менш, менавіта ў Віцебску два гады таму пачалі ўрачыста адзначаць угодкі ўвядзення савецкіх войскаў у рэспубліку Афганістан (25 снежня 1979г.) . Угодкі вяртання «абмежаванага кантынгенту» (15 лютага 1989 г.) адзначалі і дагэтуль, але каб ушаноўваць дату, якая стала пачаткам трагедыі для многіх сем'яў, -- гэта шмат каму падаецца, мякка кажучы, недарэчным.
У постсавецкі час гэтую вайну назвалі «Апакаліпсісам ХХ стагоддзя», і ідэалагічная трактоўка наконт удзелу савецкіх войск як вымушанай неабходнасці дагэтуль выглядае неадназначнай. А на фоне расейскага ўварвання і ваенных падзеяў ва Украіне дык і ўвогуле ўвогуле выглядае правакацыйнай.
Сёння ў справе патрыятычнага выхавання на змену героям Вялікай Айчыннай вайны прыйшлі «ветэраны Афгана». Цяпер ідэолагі спрабуюць вярнуць савецкую трактоўку ўдзелу савецкіх вайскоўцаў у чужой вайне, заклікаюць лічыць іх абаронцамі ўласнай радзімы, а не закладнікамі вялікадзяржаўных амбіцый. Ніхто не спрачаецца: «афганцам» давялося нялёгка, у іхных лёсах насамрэч «знайшлося месца подзвігу», хаця і на па ўласнай волі, і франтавыя наступствы для шмат каго з іх і дагэтуль адгукаюцца асабістымі трагедыямі. Але замест пакаяння і горкай памяці сучаснікам зноўку «падганяюць» версію, якая апраўдвае гвалт і забойствы ў замежнай краіне пад маркай патрыятызму.
Артур Белякоў