Чацвер, 14 Снежань 2023

У Наваполацку працягваюцца затрыманні, падчас якіх людзей апытваюць пра Сяргея Ерамеева і правяраюць на паліграфе

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Агульная колькасць тых, хто прайшоў праз затрыманні, невядомая. Кагосьці адпускаюць пасля шматгадзіннай гутаркі пра знаёмства з Сяргеем Ерамеевым, затрыманым ФСБ за дывэрсію на БАМе, кагосьці вязуць адразу ў суд і караюць па адміністрацыйным артыкуле 19.11 -- калі ў тэлефоне знаходзяць «экстрэмісцкія» падпіскі. Некаторых пакідаюць да суду ў ізалятары часовага ўтрымання – верагодна, каб застрашыць на перспектыву. Пра крымінальныя справы распачатыя супраць кагосьці з затрыманых апошнімі днямі, пакуль не чуваць. Затрыманні і допыты працягваюцца з 8 снежня.

Пад затрыманні найперш трапляюць тыя, хто, як і Сяргей Ерамееў, меў дачыненне да агульнабеларускага страйку ў 2020г. Затрыманых распытваюць, ці былі яны знаёмыя з былым «нафтанаўцам», якога абвінавацілі ў падрыве цягнікоў у Паўночна-Муйскім тунэлі БАМу 29 і 30 лістапада, ці казаў ен раней пра падобныя намеры.

ФСБ кваліфікавала падрывы двух чыгуначных саставаў з нафтапрадуктамі, якія ішлі маршрутамі Тайшэт — Тында і Тайшэт— Нерунгры, як тэракт. Па падазрэнні ва ўчыненні злачынства расійскае ведамства затрымала грамадзяніна Беларусі, які нібыта дзейнічаў «у інтарэсах украінскіх спецслужбаў». Як сцвярджае ФСБ, мужчына «атрымліваў указанні ад іншага грамадзяніна Беларусі, які жыве ў Літве».

Высветлілася, што мужчыну завуць Сяргей Ерамееў. Яму 52 гады, у Расіі сталага месца рэгістрацыі не мае. Паводле матэрыялаў справы, у кастрычніку і лістападзе гэтага года на тэрыторыі Беларусі яму перадалі не менш за сем выбуховых прылад, якія ен правёз на Далёкі Усход. За гэта яму заплацілі. Выбуховыя прыстасаванні ён заклаў на чыгунцы, у выніку загарэліся цыстэрны з гаруча-змазачнымі матэрыяламі, і гэта часова блакавала рух па магістралі. Пасля гэтага, як сцвярджаецца, Ерамееў таксама атрымаў грошы.

7 снежня ФСБ паведаміла пра затрыманне ў Омску падазраванага ў тэракце грамадзяніна Беларусі, які даў прызнальныя паказанні аб працы пад кантролем украінскіх спецслужбаў. Супраць яго былі распачатыя дзве крымінальныя справы. Віну Ерамееў прызнаў, заявіўшы ў судзе, што хацеў паралізаваць рух на чыгунцы, каб перашкодзіць перавозцы ваенных грузаў.

Суддзя Цэнтральнага раённага суда Омска Аляксей Палішчук прыняў рашэнне арыштаваць Ерамеева на тэрмін 1 месяц і 23 сутак, гэта значыць да 30 студзеня 2024 года. Увесь гэты час ён будзе знаходзіцца ў СІЗА Омска.

Алег Папоў