Справу расследуе Галоўнае следчае ўпраўленне Службы бяспекі Украіны. Яе завялі 21 сакавіка 2022 году паводле фактаў расейскіх ваенных злачынстваў ва Украіне. У ёй утрымліваюцца факты забойства і расстрэлаў мірных жыхароў Марыупаля і іншых гарадоў Украіны.
Дзейнасць Талая разглядаецца як адзін з вялікай колькасці эпізодаў у кантэксце супрацьпраўнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей на часова акупаваную тэрыторыю Украіны і далейшую дэпартацыю ў Расею, Беларусь, а таксама прымусовага надання ім расейскага грамадзянства і перадачы пад апеку і ўсынаўленне ў сем’і расейскіх грамадзян.
Як паведамілі ў сакратарыяце Упаўнаважанага Вярхоўнай рады Украіны ў правах чалавека, следчым перададзены матэрыялы аб больш за 2000 ідэнтыфікаваных дзяцей, якіх з верасня 2022-га да траўня 2023 году перавезлі ў дзіцячы цэнтр «Дубрава» ў Мінскай вобласці. А таксама інфармацыю пра так званае «аздараўленне» дзяцей з акупаванай тэрыторыі Украіны ў Рэспубліцы Беларусь, да якога былі залучаныя беларускія высокія адказныя асобы, спартоўцы, у прыватнасці паралімпіец Аляксей Талай, генеральны дырэктар расейскага «дабрачыннага фонду» «Поверь в себя», і непасрэдна старшыня беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў.
МІхаіл Чадаў