“Раённая выканаўчая і прадстаўнічая ўлада ўтрымліваюць у цэнтры ўвагі надзённыя пытанні людзей, таму людзі масава не ідуць на прыём да вышэйшага кіраўніцтва краіны. І гэта радуе”, - выказаўся так званы старшыня палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка па выніках прыёму грамадзян і юрыдычных асоб у Глыбокім.
Як піша раёнка “Веснік Глыбоччыны” яго прыём грамадзян пачаўся са слоў падзякі, якія выказала Андрэйчанку сям'я з Глыбокага. Год таму падчас асабістага прыёму мужчына прасіў аказаць садзейнічанне ў правядзенні аперацыі. І дапамога глыбачаніну была аператыўна аказана.
Гэта ж трэба так давесці ўзровень аказання медычнай дапамогі насельніцтву, каб аперацыю чалавеку ў Беларусі рабілі толькі пасля звароту да так званага старшыні палаты прадстаўнікоў! А мо чалавек “прабіў”, як кажуць у народзе, сабе аперацыю за мяжой? Раённая газета гэта не ўдакладняе.
1 снежня на прыём Уладзіміра Андрэйчанкі ў Глыбокім запісалася ўсяго тры чалавекі. Пажылы глыбачанін, які жыве ў прыватным сектары, звярнуўся з пытаннем падключэння да вадаправода. Жыхарка вёскі Ломашы прыйшла на прыём з надзеяй вырашыць пытанне аб выдзяленні зямельнага ўчастка для выпасу жывёлы. Дырэктар аўтапрадпрыемства №16 г. Глыбокае Уладзімір Пачопка звярнуўся з просьбай пасадзейнічаць у абнаўленні аўтобуснага парка.
Паводле Андрэйчанкі, падчас прыёмаў, якія ён праводзіць, у людзей склаліся ўжо традыцыйныя пытанні - гэта пытанні ЖКГ, стану дарог, у апошні час - пытанне падлучэння электраацяплення.
“Безумоўна, усе гэтыя пытанні важныя і заслугоўваюць уважлівых адносін, таму што задача ўлады і задача самога насельніцтва зрабіць усё, каб жыццё людзей у беларускай глыбінцы было лепшым і больш камфортным, – кажа Андрэйчанка. – Сацыяльны вектар з'яўляецца прыярытэтным у працы дэпутацкага корпуса. Маштабная праца, якую мы заканчваем у канцы месяца (я маю на ўвазе прывядзенне нашага заканадаўства ў адпаведнасць з абноўленай Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь) - гэта таксама законы, накіраваныя на тое, каб у нашай краіне былі мір і стабільнасць, каб рос дабрабыт нашага насельніцтва. Гэтаму падпарадкаваны і закон аб рэспубліканскім бюджэце на 2024 год, які мы 29 лістапада прынялі ў другім чытанні. У законе сур'ёзная ўвага надзеленая пытанням сацыяльнага накірунку: 42 працэнты сродкаў рэспубліканскага бюджэту накіроўваюцца менавіта на вырашэнне сацыяльных пытанняў - на ахову здароўя, адукацыю, павышэнне заработнай платы ў бюджэтнай сферы, пенсій, дапамог. Сур'ёзная ўвага надаецца пытанням дарожнага будаўніцтва, утрыманню дарог. Так, практычна на 30 працэнтаў павялічваюцца сродкі з рэспубліканскага бюджэту на рэспубліканскія дарогі, у разы - на мясцовыя дарогі. Гэта значыць, усё ў краіне робіцца для таго, каб павысіць якасць жыцця людзей, бо наперадзе ў нас 2024 год - Год якасці”.
Прыгожыя словы ад чыноўніка напярэдадні выбараў, піяр яго з боку раённай газеты, бо менавіта на тэрыторыі Глыбоцкага і Докшыцкага раёна падчас так званых выбараў яго не абіраюць, а менавіта прызначаюць у так званую палату прадстаўнікоў.
А пра клопат і дабрабыт людзей можна гаварыць колькі заўгодна, асабліва напярэдадні так званых выбараў. Але падвышэння якасці жыцця і дабрабыту простыя людзі ніяк не заўважаюць. Ён расце толькі ў чыноўнікаў, прапагандыстаў і сілавікоў, якія абслугоўваюць гэтую ўладу, і на якіх рэжым Лукашэнкі трымаецца.
Глеб Суддзін