Аўторак, 28 Лістапад 2023

Раённыя газеты Віцебшчыны заняліся піярам армейскай службы

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Адразу ў некалькіх рэгіянальных выданнях з’явіліся артыкулы пра тое, наколькі сёлетнія навабранцы задаволеныя службай у арміі. «Настрой ва ўсіх хлопцаў выдатны, усім задаволены», - піша бешанковіцкая «Зара» пра маладых жыхароў раёна, якім даводзіцца служыць у 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгадзе. -- «Кожны з іх чакаў прызыву, таму займаюцца ахвотна, імкнуцца засвоіць праграму ў поўным аб’ёме».

Газета піша пра вайсковую службу як пра захапляльную прыгоду : «Навабранцам цікава ўсё – новыя веды, ідэалагічная, фізічная, страявая, агнявая, паветрана-дэсантная , медычная падрыхтоўка, вывучэнне агульнавайсковых статутаў, выезды на палігон і многае іншае».

Крыху па-іншаму растаўляе акцэнты браслаўская «раёнка». «Вакол – выключна добрыя людзі», - цытуе газета свайго героя, якому давялося служыць на заставе «Урбаны». Сваю службу ён называе «асабліва камфортнай»...

Паколькі артыкулы на гэтую тэму ў шэрагу «раёнак» Віцебшчыны вайшлі сінхронна, можна меркаваць, што пісаліся яны на замову мясцовых уладаў. На мінулым тыдні Віцебскі аблвыканкам праводзіў адмясловае пасяджэнне, дзе абмяркоўвалася стратэгія дзейнасці дзяржаўных СМІ напярэдадні выбараў. Вялося там і пра стварэне «нейкай экасістэмы», якая мусіць аб“яднаць намаганні чыноўнікаў і журналістаў. Падобна, першыя крокі ў гэтым накірунку – гэта вяртанне практыкі замоўных артыкулаў. Гэтаксама сінхронна раённыя газеты ўжо ўхвалялі выступы Лукашэнкі, стварэнне партыі «Белая Русь», давалі слова мясцовым дзеячам перарэгістраваных партый. Цяпер дайшло да піяру службы ў войску – невыпадкова на пасяджэнні аблвыканкаму шмат гаварылася пра тое, што трэба імкнуцца ўплываць на беларускую моладзь, якая не надта верыць афіцыйным навінам і шукае інфармацыю ў інтэрнэце зусім не на сайтах дзяржаўных выданняў.

Максім Клімук