Панядзелак, 30 Кастрычнік 2023

Глыбоцкі пракурор падчас сустрэчы з працоўнымі калектывамі вінаваціў ЗША і “краіны калектыўнага Захаду”

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Пракурор Глыбоцкага раёна Валерый Дайлідзёнак пабываў у працоўных калектывах двух найбуйнейшых прадпрыемстваў Глыбокага - малочна-кансервавым камбінаце і мясакамбінаце. Падчас сустрэчаў ён распавядаў прысутным пра генацыд беларускага народа ў гады Другой сусветнай вайны.

Таксама ў  абмеркаванні гэтай тэмы прынялі ўдзел намеснік старшыні раённага аддзялення Віцебскай абласной арганізацыі партыі "Белая Русь", дырэктар раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віктар Васюковіч, былы начальнік міліцыі, і навуковы супрацоўнік раённага гісторыка-этнаграфічнага музея Уладзімір Мірончык.

- Адной з мэт дзяржаўнай палітыкі фашысцкай Германіі ў дачыненні да Савецкага Саюза было скарачэнне славянскага насельніцтва на 30 мільёнаў чалавек любымі сродкамі знішчэння. Людзей катавалі, расстрэльвалі, спальвалі жыўцом. На тэрыторыі Беларусі было арганізавана больш за 580 лагераў смерці. Дарэчы, 90 такіх месцаў з гэтага ліку былі ўсталяваныя падчас нядаўніх расследаванняў крымінальных справаў. Атрыманыя сёння доказы дазваляюць сцвярджаць, што маштабы трагедыі беларускага народа значна большыя, чым меркавалася раней, - адзначыў у сваім выступленні пракурор Валерый Дайлідзёнак.

Ён праінфармаваў прысутных аб працы па вывучэнні новых матэрыялаў расследавання крымінальных спраў па факце знішчэння беларускага народа і аднаўленні гістарычнай справядлівасці. А таксама сказаў пра тое, што быццам у ЗША і ў краінах калектыўнага Захаду імкнуцца перапісаць гісторыю Другой сусветнай вайны, прынізіць ролю савецкага народа ў перамозе над нацызмам, звяртаюцца да фальсіфікацыі гісторыі, што ў канчатковым выніку вядзе да поўнага змешвання каштоўнасных арыенціраў. Усяму гэтаму, паводле пракурора, усім разам трэба супрацьстаяць.

Мяркуючы па тварах працоўных на фотаздымках, якія размясціла на сваім сайце глыбоцкая раёнка, прамова глыбоцкага пракурора не надта цікавіла прысутных. Вядома, людзей на падобныя сустрэчы зганяюць у прымусовым парадку. Калі б агучылі тэму раней і далі людзям добраахвотны выбар, наўрад ці знайшлося столькі жадаючых слухаць падобнае.

Ды і людзей больш хвалюе тое, што адбываецца ў іх краіне цяпер і адбывалася крыху раней, напрыклад, у 2020 годзе. Але пра генацыд беларускага народа рэжымам Лукашэнкі падчас выбарчага года глыбоцкі пракурор Валерый Дайлідзёнак, вядома, нічога не сказаў.

Вінаваціць ЗША і калектыўны Захад ва ўсіх праблемах нашмат прасцей, чым займацца сапраўднай справай па выяўленні тых, хто займаўся і працягвае займацца генацыдам беларускага народа, пачынаючы з 2020 года.

Галіна Гаравая